Санкцыі супраць Беларусі і Расіі расхістваюць усю сусветную эканоміку. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
«Мэтай санкцый было паставіць Беларусь і Расію хутка на калені, але мы бачым, што ў выніку адбываецца ў свеце. Адваротны бок санкцый — гэта праблемы з прадуктамі харчавання, з угнаеннямі, з ростам цэн на энерганосьбіты (тое, ад чаго цяпер Еўропа ў шоку), гэта інфляцыя. Гэта значыць санкцыі расхістваюць усю сусветную эканоміку», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што Беларусь была адным з важнейшых пастаўшчыкоў паліва на еўрапейскі рынак, у прыватнасці дызельнага паліва. «Магутнасцей па дызельным паліве ў Еўропе не хапае. Цяпер мы бачым, што цэны на запраўках у Еўропе пачынаюцца ад 2 еўра за літр паліва. Гэта адваротны эфект санкцый», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Акрамя таго, сусветныя цэны на прадукты харчавання б’юць рэкорды. «ААН і яе структуры б’юць у званы. Свету пагражае голад. Але Вашынгтону і саюзнікам, відаць, на гэта напляваць», — абурыўся кіраўнік беларускага ўрада.
«Санкцыі — гэта вельмі небяспечны інструмент, якім карыстаюцца без усякіх правіл. Чым гэта ўсё скончыцца, спрагназаваць вельмі складана», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.