Я прыйшла паразмаўляць з зусім не знаёмай (як здавалася) мне жанчынай, а яна сустрэла мяне з такім адчувальным цяплом, з такой шчырай усмешкай, з якой можа сустрэць толькі даўні і адданы сябар:
– Вы мяне не памятаеце, а я Вас добра памятаю з таго часу, калі вяла ўрокі ў Вашых пачатковых класах…Гэта было трыццаць пяць гадоў таму. Дастатковы тэрмін, каб сцерці з маёй памяці тыя некалькі дзён, калі Галіна Васільеўна Пятрашка замяняла ў другім класе маю першую настаўніцу… А яна памятае! Памятае кожнага свайго вучня, з якім давялося працаваць ля школьнай дошкі, кожнага выдатніка і кожнага разгільдзяя. У чым прычына такой выключнай любові да дзяцей? Дзе яе крыніца?
– Усё маё жыццё, – успамінае мая субяседніца, – перада мной стаяў вобраз маёй першай настаўніцы Паліны Несцераўны: такая прыгожая, у лёгкай паркалёвай сукенцы з чорненькім раменьчыкам, што падкрэсліваў яе тонкую талію. Акуратна падабраныя валасы. Вачэй не адарваць! Яна вельмі цёпла да нас ставілася, ніколі не павышала голас. Гэта быў прыклад на ўсё жыццё. Я так яе палюбіла, што пры расставанні горача плакала… Па заканчэнні школы ў мяне не было ніякага сумневу, кім быць, – толькі настаўнікам…Па заканчэнні Варанілавіцкай сярэдняй школы (недалёка ад маленькай вёсачкі Таўцвiлы, дзе яна нарадзілася ў 1946 годзе), Галіна Пятрашка паступіла ў Пінскае педвучылішча, а потым – у Мінскі педінстытут імя М. Горкага. Пачала свой настаўніцкі шлях у вёсцы Далкі пад Ружанамі, дзе і выйшла замуж. А ў 1980-м, «алімпійскім», годзе сям’я пераехала ў Пружаны, і Галіна Васільеўна перавялася ў Параслянскую сярэднюю школу (там, як аказалася, мы з ёй і сустрэліся ў першы раз). Праз восем гадоў пачала выкладаць у пачатковых класах СШ №4, так і прапрацавала тут да пенсіі… Аднак такім настаўнікам, як Галіна Васільеўна, спакой можа толькі сніцца. Ды і ці хацела яна адпачыць ад дзяцей? Сумняваюся.
– То ў Рудніках мяне папрасілі папрацаваць, то ў Загор’і, то ў СШ №5. Перыядычна вярталася і ў родную, чацвёртую, школу. Дзесьці некалькі месяцаў замяняла асноўнага настаўніка, а недзе затрымлівалася на пару гадоў. А як жа?! Трэба дапамагаць і настаўнікам, і дзеткам. А я іх вельмі люблю, і яны мне плацяць узаемнасцю. Ажно здзіўляюся: пажылы чалавек, а яны да мяне цягнуцца.
Цяпер Галіна Васільеўна працуе з першаклашкамі ў СШ № 4. На маіх вачах абступілі яе дзеці: абдымалі, вялі ў клас. Адразу відаць, што любяць яе, давяраюць. Адзін хлопчык нават заявіў: “Галіна Васільеўна, Вы як усміхнецеся, то на маю бабулю падобныя”. Але ці толькі ад узросту, вопыту настаўніцы залежыць дзіцячая да яе любоў?
– Галіна Васільеўна, прызнайцеся, песціце сваіх падапечных?
– Не, не пешчу, але стараюся заахвоціць за добры вынік. Раней жа адзнакі ставілі з самага першага класа, а цяпер яшчэ няма іх. Вось як дзетак пахваліць? Я на далоньцы дзіцяці малюю дзясятачку і кажу: “Закрывай, прыціскай яе моцна, каб не ўцякла, і нясі дадому”. Ім так прыемна. Для іх жа гэта стымул! Усе дзеткі мае добрыя. Часам у мяне калегі пытаюцца, ці ёсць у мяне хоць адно дрэннае дзіця? Адказваю: не. Трэба казаць вучням цёплыя словы, хваліць іх часцей і заўсёды выслухоўваць. Гэта толькі здаецца, што ў іх няма праблем… Сёння школьная праграма вельмі складаная: дарослыя палічылі, што сучасныя дзеці настолькі разумныя, што ім усё лёгка даецца. Але гэта не так. Яны жывуць у насычанай інфармацыйнай прасторы, дзе вельмі шмат момантаў, якія адцягваюць увагу: смартфоны, розныя гаджэты – усё гэта “рассыпае” канцэнтрацыю. Сёння кожны дзень новая тэма. Дзеці, асабліва тыя, хто па хваробе прапускае ўрокі, не паспяваюць засвоіць і замацаваць матэрыял. Таму кожны ўрок я пачынаю… з вершаў. Так, так! Менавіта з маленькіх вершыкаў пачынаецца наш дзень. Трэба паэтызаваць школьны працэс, дадаваць лірыкі. У нас толькі пачынаецца ўрок, а ўсе ўжо чакаюць: які ж будзе верш? Такім чынам я арганізоўваю дзяцей. Гэта ж выдатная трэніроўка і для памяці, і для выхавання творчых асоб: «Ты такі ненаглядны – мой радзімы куточак зямлі! Ты такі ненаглядны – край, дзе крылы ўздымаюць буслы, дзе асколачкам неба васілёк у мірным полі цвіце і ля кожнай хацінкі прыгажуня бяроза расце»…
Задумваюся: а што было б, калі б кожны ўрок майго жыцця пачынаўся з паэзіі? Але шчаслівыя першакласнікі таўкуцца побач і, перакрыкваючы адзін аднаго, адрываюць мяне ад філасофскіх думак: “Яна і цукеркамі нас заўсёды частуе!” Пагаджуся з імі: салодкае – добры стымул нават для дарослых… Але не ў адных цукерках шчасце, проста да кожнага свайго вучня Галіна Васільеўна Пятрашка знайшла падыход, кожнага паважае як асобу і ў кожным бачыць велізарны патэнцыял:
– Я бачу ў іх людзей, якія імкнуцца разважаць, і ўпэўнена, што ўсё ў іх атрымаецца. Ведаеце, зусім не важна, якія адзнакі яны будуць атрымліваць у школе. Важна, каб назаўсёды засвоілі самы галоўны прадмет жыцця пад назвай «Добры чалавек».
Дзякуй Вам, шаноўная Галіна Васільеўна, за такую параду!
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).