Вторник, 14 января 2025

«Будзем сустракацца, усміхацца, абдымацца, будзем жыць!» Галіна Немцава прымала віншаванні з 95-годдзем

478

27 лістапада Галіна Канстанцінаўна Немцава адзначыла свой 95-гадовы юбілей. А ўжо на наступны дзень у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма сабралася шмат жадаючых павіншаваць юбілярку.

Шчыра кажучы, мяне да глыбіні душы ўзрушыла знаёмства з Галінай Канстанцінаўнай. Гэта адкрыты чалавек са своеасаблівай харызмай і прыемнай энергіяй. А калі даведалася пра яе жыццёвы шлях, то маленькая жанчына пераўтварылася ў маіх вачах у вялікую і моцную асобу.

Мае гады — маё багацце

Яна нарадзілася ў 1927 годзе ў вёсцы Гарначароўская, што ў Архангельскай вобласці. У 1933 яе маму арыштавалі і асудзілі на пяць год: ішла барацьба з кулакамі. У хуткім часе памёр бацька. Галя і яе старэйшы брат пераехалі ў Перм да дзядзькі.

Калі дзяўчынцы споўнілася 13 год, пачалася Вялікая Айчынная вайна. З Пермі давялося ехаць у Чэлябінск. Там маленькая, худзенькая Галя цягала да станкоў цяжкія металічныя балванкі. К вечару ногі гулі, рукі адрываліся, а ў галаве пульсавала думка: «спаць». У тайне ад усіх яна марыла збегчы на фронт да брата, якім вельмі ганарылася.

Калі скончылася вайна, сям’і ўдалося ўз’яднацца на радзіме. Жылі надгаладзь: шукалі на полі мёрзлую бульбу, збіралі ягады і грыбы. Маці марыла, каб дзеці атрымалі адукацыю, і гэта спраўдзілася: брат паступіў у чыгуначны тэхнікум, Галіна — у сельскагаспадарчы.

У 1948 годзе па размеркаванні малады спецыяліст трапіла ў Пружаны, улюбілася ў горад і ўжо нікуды адсюль не з’язджала. Маладой дзяўчыне давялося ўдзельнічаць у арганізацыі першых пасляваенных калгасаў, што было вельмі няпроста.

Аднойчы на танцах Галіна пазнаёмілася з беларусам і звязала з ім свой лёс. У моцным шлюбе нарадзілася дачка. На жаль, муж рана пайшоў з жыцця, але радуюць унукі, праўнукі і прапраўнукі.

Чароўная сталасць


У клопатах прабеглі месяцы і гады. У 55 год Галіна Канстанцінаўна выйшла на пенсію. Як былы эканаміст хутка размеркавала вольныя гадзіны і мінуты. Пачала выступаць у народным хоры ветэранаў «Чырвоны гваздзік», весці актыўнае грамадскае жыццё.

У наш прагматычны час пенсіянерка гатова бязвыплатна аказваць дапамогу іншым. Яна з’яўляецца самым старэйшым валанцёрам Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Разам з аднадумцамі наведвае бальніцы сястрынскага догляду, інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, перадае свой неацэнны вопыт маладым валанцёрам, удзельнічае ў вялікай колькасці разнастайных мерапрыемстваў.

Галіна Немцава з’яўляецца членам таварыства з 2010 года. Яна ўвайшла ў першы склад валанцёрскага атрада пружанскай суполкі Чырвонага Крыжа пад назвай «Ветэраны» і сёння з’яўляецца сапраўдным прыкладам для валанцёраў.

Нягледзячы на ўзрост, жанчына заўсёды ў руху і на пазітыве. Ужо 40 гадоў яе дзень пачынаецца з тыбецкай зарадкі. Галіна Канстанцінаўна з’яўляецца аматарам скандынаўскай хады, а з ранняй вясны да позняй восені ходзіць басанож па расе.

Таксама яна актыўна наведвае гурткі і клубы па інтарэсах у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, удзельнічае ў конкурсах і акцыях. Напрыклад, у сакавіку мінулага года за актыўную жыццёвую пазіцыю і прыклад для пераймання была адзначана ў намінацыі «Чароўная сталасць» і ўзнагароджана дыпломам І ступені як самая дарослая лэдзі творчага фотаконкурсу, арганізаванага Драгічынскім ТЦСАН.

Будзем жыць!


Але вернемся да мерапрыемства, на якім ушаноўвалі юбілярку. Вядучая Вольга Макарчук пачала так:

— Яе ўсмешка абяззбройвае нават самага канфліктнага чалавека. Яе энергія зараджае пазітывам нават самых скептычна настроеных людзей. Яе простасардэчнасць і чуласць здольныя размякчыць самую чэрствую душу…

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч звярнуў увагу на ўтульную, сяброўскую атмасферу імпрэзы, а пасля шчырых віншаванняў уручыў Галіне Канстанцінаўне Падзячнае пісьмо райвыканкама.

За эстэтычную афарбоўку сустрэчы адказвалі Тамара Андрайчук і Анатолій Галяшчыхін з творчага клуба «Нам гады — не бяда», а таксама Ніна Жорах, якая акампаніравала спевакам на баяне. Яны выканалі шэраг цудоўных песень.

Словы падзякі за добрасумленную працу выказаў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Дзмітрый Чайкоўскі. Сваім віншаваннем ён даказаў, што былыя калегі Галіну Канстанцінаўну не забываюць і цяпер.

Да імянінніцы звярнуўся і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч:

— Вы не проста ветэран, вы — наша эліта! На прыкладзе такіх людзей вучыцца не толькі моладзь, але і мы — пажылыя — з задавальненнем бярэм з вас прыклад. Вы перанеслі многа нягод і жахаў, але гэта не зламала вас, наадварот — толькі ўзмацніла. Дзякуй за тое святло і цеплыню, якія вы дорыце людзям!

Павіншаваць пачэснага ветэрана прыйшла намеснік старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Лелікоўская і ўручыла грамату Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа за актыўную шматгадовую валанцёрскую дзейнасць. Дарэчы, з 2018 года фотаздымак Галіны Канстанцінаўны ўпрыгожвае дошку гонару у сакратарыяце Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў Мінску.

Сябры па валанцёрскай дзейнасці таксама падрыхтавалі творчы падарунак. Далучылася да віншаванняў і дырэктар ЦБС Таццяна Гуторкіна.

Плеяду віншаванняў завяршыла Ніна Дыдышка. Яна ўзгадала, як некалі падчас чарговага арганізацыйнага сходу савета ветэранаў абмяркоўваўся план работы.

— Я прапанавала зладзіць танцавальны вечар. Усе пачалі жартаваць, што днём з агнём не знойдуцца ахвочыя танцаваць з пенсіянерамі. І што ж вы думаеце? Мяне падтрымала Галіна Канстанцінаўна! Яна пагадзілася, што ідэя годная, а яе меркаванне мае пэўны аўтарытэт. Так, наша сённяшняя імянінніца з самага пачатку прымала ўдзел у танцавальных вечарынах. Справа ж не толькі ў танцах: нашы вечары былі цудоўнай магчымасцю сустрэчы, душэўных зносін, — узгадвае Ніна Васільеўна.

Далей паэтка прачытала верш уласнага сачынення. Усіх прысутных крануў філасофскі змест свежанапісаных радкоў, у якіх аўтар параўнала жыццё чалавека з зоркай на небе і пажадала, каб зорка Галіны Канстанцінаўны гарэла яшчэ доўга-доўга, радуючы нас сваім ззяннем.

Віноўніца ўрачыстасці падзякавала ўсім прысутным за добрыя словы. Яна падкрэсліла, што рада знаходзіцца сярод людзей.

— Вялікая справа, калі ты можаш раздзяліць з чалавекам і радасць, і бяду і няшчасце. Я, як умею, стараюся дапамагаць. Будзем сустракацца, усміхацца, абдымацца, будзем жыць! — падсумавала Галіна Канстанцінаўна.

Юлія Янушка. Фота аўтара і з архіву рэдакцыі

Фотаальбом з ушанавання тут: https://ok.ru/budni/album/951437629576

Р.S. Ушанаванні юбіляркі на наступны дзень прайшлі і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Далучаецца да віншаванняў і калектыў рэдакцыі: доўгіх гадоў жыцця ў добрым здароўі і з любімай «раёнкай», шаноўная Галіна Канстанцінаўна!