ДАІ Рэспублікі Беларусь выступіла з ініцыятывай знізіць устаноўлены парог хуткасці ў населеных пунктах з 60 км у гадзіну да 40. Ці падтрымліваюць такую ідэю вадзіцелі Пружаншчыны?
— Неабходнасць уводзіць падобнае абмежаванне ўвогуле не бачу. Напрыклад, у нашым горадзе на многіх участках вуліц ужо стаяць знакі «40». А ёсць і такія месцы, дзе больш і не разгонішся: ці то з-за «ляжачых паліцэйскіх», ці то з-за стану дарог. Пакуль у нас няма «пробак», бо часам можна разагнацца і да 60, а калі забараніць і гэта, то, на маю думку, увесь аўтамабільны паток у Пружанах стане.
— Калі ДАІ прапануе такое, то, напэўна, гэта неабходна. Магчыма, з-за таго, што ў населеных пунктах шмат пешаходаў, у тым ліку і малалетніх, якія могуць раптоўна выбегчы на дарогу. На хуткасці 40 кіламетраў у гадзіну больш аператыўна зрэагуеш на падобную сітуацыю і тармазны шлях будзе значна карацейшым.
— Калі бачу на дарозе веласіпедыста або пад’язджаю да «зебры», то інтуітыўна зніжаю хуткасць, бо патрэбны час на рэагаванне, калі сітуацыя раптоўна зменіцца. Таму ніякай бяды не бачу ў тым, што дазволеная хуткасць у населеных пунктах стане меншай.
— Магчыма, у цэнтры Пружан, дзе шмат пешаходаў і веласіпедыстаў, ды і аўтамабіляў таксама, такое абмежаванне і было б да месца. А вось на перыферыйных вуліцах гэта ўвогуле непатрэбна. Напрыклад, мне неабходна хутчэй даехаць з аднаго канца горада ў іншы, а тут усюды знак «40». І хаця няма ні пешаходаў, ні іншага транспарту, я ўсё роўна павінна ехаць, нібы на веласіпедзе. Вось, дарэчы, на апошні від транспарту варта звяртаць больш увагі: веласіпедысты зараз могуць разагнацца да вялікай хуткасці і не заўсёды выконваюць правілы, ствараючы аварыйныя сітуацыі.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).