Суббота, 19 апреля 2025

Гадаваць лес нялёгка, але пачэсна

428

Пружанскі лясгас — адна з буйнейшых арганізацый раёна, і не толькі з-за колькасці структур, якія ахопліваюць усю Пружаншчыну, але і колькасці работнікаў, якіх у гаспадарцы працуе нямала. А яшчэ ўражвае той аб’ём задач, што павінен вырашаць калектыў установы. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з дырэктарам ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Віктарам Карніенкам і даведаліся, што ўдалося дасягнуць на працягу гэтага года, якія пытанні набылі актуальнасць і з якімі перспектывамі арганізацыя будзе жыць далей.

— Як вядома, лясная галіна нашай краіны ўжо больш за год працуе ва ўмовах санкцый з боку былых бізнес-партнёраў, — зазначае Віктар Віктаравіч. — У выніку сталі незапатрабаванымі ні наладжаныя шляхі супрацоўніцтва, ні шэраг вытворчых тэхналогій, што папярэдне асвойвалі. Давялося мяняць падыходы, адпрацоў-ваць іншыя накірункі паставак. Падобныя змяненні заўсёды праходзяць на негатыўным фоне, які мы таксама імкнуліся пераадолець. У нечым удалося аптымізавацца, была праведзена рэструктурызацыя абавязацельстваў перад іншымі арганізацыямі, памянялі вытворчыя інтарэсы, прыпыніўшы выпуск адных відаў прадукцыі і накіраваўшы магутнасці на іншыя.

Трэба адзначыць, што шэраг нашых заходніх партнёраў пайшоў па больш лёгкім шляху, проста закрыўшы свае вытворчасці. Лесагаспадарчая галіна Беларусі такое сабе дазволіць не можа і здавацца не збіраецца. У выніку зараз бачым на ўсходзе рост попыту на пілаваную прадукцыю, які імкнёмся задаволіць. У агульнай статыстыцы гэта дае павелічэнне вытворчасці, асабліва ў апошнія месяцы. Адсюль становяцца відавочнымі і прыемныя фінансавыя перспектывы.

У дрэваапрацоўчым цэху шчыруе станочнік Мікалай Сачко.

Паралельна актывізуем рэалізацыю дроў мясцовым заказчыкам, дзякуючы чаму праблема з паліўным дэфіцытам, што існавала ў папярэднія гады, знікла. Каб задаволіць усіх кліентаў, арганізавалі ўласны дрывакольны ўчастак, які зараз, напрыклад, выконвае шэсць заявак ад жыхароў раёна. Таксама паступова забяспечваем цёплую зіму шэрагу ўстаноў адукацыі. Звяртацца па прыроднае паліва да нас могуць і юрыдычныя, і фізічныя асобы напрамую па тэл. 69-9-40. Арганізавана і дастаўка.

— У спіс вашых задач, акрамя вытворчасці, увахо-дзяць абавязкі па доглядзе за прыродным багаццем Пружаншчыны. Як ахоўваюцца і аднаўляюцца пружанскія лясы?

У Мокраўскім лясніцтве наладжана парніковае вырошчванне зялёнага маладняку практычна па бесперапыннай сістэме. Такі працэс даручаны толькі прафесіянальным работнікам, сярод якіх памочнік ляснічага Марына Пекач, якой сёлета прысуджаны першы кваліфікацыйны клас.

— Зараз асноўнымі пагрозамі для нашых лясоў выступаюць шкоднікі-насякомыя і прыродныя катаклізмы. З першымі зараз мы змагаемся так: высякаем не ўжо загінулыя ўчасткі, а толькі што заражаныя. Гэта дае магчымасць аператыўна лакалізаваць ачагі захворвання. На жаль, поўнасцю ліквідаваць гэтую пагрозу мы не можам, бо не ў стане паўплываць на кліматычныя змяненні, якія аслабляюць дрэва. А другую пагрозу мы нават прадугледзець не можам, што пацвер-дзіла стыхія, якая прайшла праз наш раён 30 жніўня. На землях Гарадзечненскага і Пружанскага лясніцтваў, па папярэдніх даных, моцны вецер знішчыў 75 гектараў. Чакаем, што пасля поўнага абследавання аб’ёмы ўзрастуць удвая. Зараз на пацярпелых тэрыторыях працуюць усе нашы брыгады, таксама задзейнічаны і калегі з Кобрынскага раёна. Стыхія дабавіла нам работы мінімум на чатыры месяцы.

Парадак пасля буянства ветру наводзіць машыніст лесанарыхтоўчага харвестара Аляксандр Кучма.

Апошнім часам пачалі павялічвацца статкі лясных насельнікаў, з-за чаго ўзрастае пагроза патравы зялёных парасткаў. Паверце, на свае вочы бачыў аднойчы статак аленяў пад 350 галоў. У сувязі з гэтым значныя сродкі накіроўваем на агаро-джванне маладых пасадак.

Па словах вядучага інжынера паляўнічай гаспадаркі Сяргея Літвіновіча, пружанскія лясы толькі багацеюць на фаўну. На паляўнічых угоддзях можна здабыць высакароднага аленя і іншыя трафеі, пра што ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Рэгулярна прыязджаюць да нас аматары палявання з Расіі і іншых дзяржаў СНД. А непасрэдна зараз па трафеі прыехалі і госці з далёкай Францыі.

— А што з пажарнай бяспекай?

— Працягваем укараняць сістэму відэаназірання «Лясны вартавы». Трэба разумець, што яна не папярэджвае лясныя пажары, а дазваляе больш аператыўна, чым спадарожнікавая сістэма, рэагаваць на здарэнні. У прыватнасці, сёлета зафіксавана пяць узгаранняў, і яны паспелі ахапіць не гектары плошчаў, як раней, а толькі па 0,01—0,03 га.

— Віктар Віктаравіч, рэалізацыя планаў і задач залежыць не ад тэхнікі і іншага абсталявання. Ці хапае сіл у саміх работнікаў лясгаса?

Аляксей Рашчупкін — пчаляр у трэцім пакаленні. Ён з дзя-цінства працуе на пчальніку і, калі яму сем гадоў таму прапанавалі заняцца адпаведнай гаспадаркай у лясгасе, ахвотна пагадзіўся. У адпаведных справах дапамагае майстру жонка Вольга Глушыч, абаім неабходна дагледзець 90 вулляў. Словам, ні адзін дзень не праходзіць без работы, якая дае свой плён у выглядзе карыснага і вельмі смачнага мёду.

— Нагрузка на работнікаў лясгаса сапраўды шалёная. Сёлета ўжо амаль два месяцы арганізоўваліся інтэнсіўныя дзяжурствы, часам кругласутачныя для своечасовага выяўлення вогненных здарэнняў. Паралельна даводзіцца аднаўляць лясы дзясяткамі гектараў, вырошчваць зялёны маладняк і вырашаць вытворчыя задачы. Толькі адданыя гэтай пачэснай справе людзі змогуць вытрымаць такую нагрузку. Таму шчыра дзякую работнікам лясгаса за цярпенне і трываласць, за сілу духу і камандную згуртаванасць. Невыпадкова заў-тра мы будзем адзначаць не толькі прафесійнае свята, а і Дзень народнага адзінства. Усім цяперашнім работнікам лесу і нашым ветэранам зычу здароўя, а таксама сямейнага спакою. Няхай у кожнага будзе многа сіл, каб займацца мір-най працай.

За амаль 30 гадоў работы ў лясгасе Сяргей Мішкевіч працаваў лесніком, егерам. А зараз ён — ахоўнік вадасховішча Гута, дзе таксама спраўляецца адказна з даручанымі абавязкамі. За гэта з нагоды прафесійнага свята адзначаны граматай Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага аб’яднання.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік