Воскресенье, 19 января 2025

Футбольны турнір памяці Івана Казарэза

288

На мінулых выхадных у спартыўнай зале Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшлі штогадовыя міжраённыя спаборніцтвы па міні-футболе памяці Івана Казарэза, удзел у якіх прынялі чатыры каманды — з Пружан, Бярозы, Івацэвіч і г.п. Ружаны. Арганізатарамі мерапрыемства выступіў РФСК «Мухавец».

У момант адкрыцця турніру слова было дадзена старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Кудраўцу, які адзначыў вялізны ўклад Івана Сяргеевіча ў развіццё Пружанскага раёна і падзяліўся сваімі цёплымі ўспамінамі пра гэтага цудоўнага чалавека.

Самі ж спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме, а гэта азначала, што кожнай камандзе трэба было згуляць па адным разе з усімі прадстаўленымі на турніры калектывамі. У матчы адкрыцця сышліся каманды з Івацэвіч і Бярозы. Гульня трымала гледачоў у напружанні да самага канца, а лёс матча вырашыў адзіны гол, які здолела забіць у канцы другога тайма івацэвіцкая дружына.

Затым у вочным супрацьстаянні сышліся калектывы, якія прадстаўляюць наш раён, перамогу на свой рахунак запісала каманда з Пружан. У другім крузе каманда з Івацэвіч упэўнена перайграла дружыну з г.п. Ружаны, а гаспадары турніру ва ўпартым супрацьстаянні згулялі ў нічыю з гасцямі з Бярозы — 2:2. Усё вырашылася ў апошнім трэцім туры, калі паміж сабой згулялі Івацэвічы і каманда нашага горада: госці атрымалі перамогу і набралі ў сваю скарбонку максімальныя 9 балаў, забяспечыўшы сабе чэмпіёнства. Сярэбраныя ж медалі дасталіся прадстаўнікам г. Бярозы, якія ў заключным матчы ўзялі верх над камандай з г.п. Ружаны. Замкнулі тройку мацнейшых гульцы з Пружан.

Усе прызёры атрымалі каштоўныя ўзнагароды, а пераможца да таго ж яшчэ і кубак ад РФСК «Мухавец». Акрамя гэтага, былі вызначаны і мацнейшыя гульцы турніру, якія атрымалі індывідуальныя прызы. Так, у складзе Пружанскай каманды ім стаў Сяргей Зайко.

Руслан Басак. Фота аўтара