Суббота, 12 октября 2024

Футбольны матч паміж камандамі «Маларыта» і «Пружаны»

259

У мінулыя выхадныя адбыўся адкладзены матч сёмага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Маларыта» і «Пружаны».

На гэты раз нашы футбалісты завіталі на стадыён горада Маларыта. Да пачатку гульні дружыны з’яўляліся суседзямі па турнірнай табліцы — іх падзяляла ўсяго два ачкі, таму паядынак абяцаў быць вельмі цікавым.

З самага пачатку матча каманды былі настроены выключна на перамогу — разгарнулася гарачая барацьба за кожны мяч. Ужо на шостай мінуце Глеб Сударыкаў скарыстаўся памылкай абаронцаў саперніка, перахапіў футбольны снарад і адправіў яго ў сетку варот, тым самым адкрыўшы лік у матчы. Адразу ж пасля гола ў галеадора нашай каманды быў яшчэ адзін цудоўны момант для ўзяцця варот, аднак на гэты раз, ён ім не скарыстаўся.

А далей спрацавала вядомае футбольнае правіла: не забіваеш ты — забіваюць табе. На 12-й мінуце, пасля падачы з вуглавога, вызначыліся гаспадары поля. Пасля гэтай падзеі гульня супакоілася. Аднак ужо ў сярэдзіне першага тайма наш капітан Раман Самасюк абыграў апанента на флангу, пасля чаго аддаў пас на Аляксандра Протаса, а той — на аўтара першага гола ў супрацьстаянні, які ў падзенні здолеў прабіць міма варатара і прымусіў капітуляваць гаспадароў поля другі раз за матч. Пасля прапушчанага гола каманда з Маларыты прыкметна дадала ў гульні, што прынесла свой плён у выглядзе двух забітых мячоў да канца тайма. У выніку з лікам 3:2 на карысць гаспадароў каманды пайшлі на перапынак.

Пачатак другога тайма, як і першага, праходзіў у роўнай барацьбе і трымаў гледачоў у пастаянным напружанні. На 64 мінуце, на радасць мясцовай тарсіды, лік на табло змяніўся — 4:2. Футбалісты з Пружан напрыканцы матча, здолелі адыграць адзін мяч. Аўтарам хет-трыка стаў Глеб Сударыкаў, які ў прыгожай манеры абвёў варатара і адправіў мяч у пустыя вароты. На жаль, на большае нашай каманды не хапіла. Лік 4:3 на карысць гаспадароў поля дазволіў ім гарантаваць сабе трэці радок у турнірнай табліцы нашай групы.

Гэта была яркая гульня дастойных сапернікаў, у якой пераможцамі выйшлі футбалісты з Маларыты. Нашым жа хлопцам хочацца толькі падзякаваць за прадэманстраваны футбол. Верым, што ў апошнім матчы дружыне з Пружан удасца ўзяць рэванш у гэтым супрацьстаянні.

Руслан Басак. Фота мае ілюстрацыйны характар