
На мінулых выхадных адбылася першая гульня футбольнага супрацьстаяння за сёмае месца ў агульнай турнірнай табліцы групы Б другой лігі Брэсцкага дывізіёна паміж камандамі ДЮСШ (Столін) і «Пружаны».
Матч праходзіў у горадзе Століне на полі ФСК «Аквамарын». З самага пачатку гульні ініцыятывай завалодалі гаспадары, арганізаваўшы сапраўдны штурм нашых варот. Неўзабаве гэта прынесла свой плён, і на 11-й мінуце футбалісты са Століна выйшлі наперад.
У хуткім часе ў вароты нашай каманды быў прызначаны пенальці, з якім цудоўным чынам справіўся варатар. Аднак нам не доўга прыйшлося радавацца гэтаму выратаванню, бо суддзя папрасіў перабіць пенальці, таму што галкіпер загадзя пакінуў лінію варот. На здзіўленне ўсіх прысутных балельшчыкаў, ён справіўся і з другой спробай футбалістаў мясцовай каманды, аднак гаспадары поля паспелі першымі згуляць на дабіванні і адправілі мяч у сетку варот.
А яшчэ праз пяць мінут столінскія футбалісты здолелі павялічыць сваю перавагу да трох мячоў. Гэта была ўжо не першая падобная сітуацыя ў гэтым сезоне, калі нашай камандзе даводзілася аказацца ў вельмі цяжкім становішчы і думаць аб тым, як пераламіць ход сустрэчы. Варта адзначыць, што ў нейкай ступені гэта ўдалося зрабіць, няхай і не па ліку на табло, але па зместу гульні. Пасля
25-й мінуты каманды сталі дэманстраваць роўны футбол, гэта паспрыяла таму, што небяспечныя моманты каля нашых варот сталі ўзнікаць вельмі рэдка, а першы тайм так і завяршыўся з лікам 3:0, на карысць гаспадароў поля.
Змест гульні ў пачатку другога тайма не адрозніваўся ад таго, што дэманстравалі каманды ў канцы першага. Наступнае галявое дзеянне ў матчы адбылося на 59-й мінуце, і зноў забітым голам адзначыліся футбалісты са Століна. Аднак нашы хлопцы не апусцілі рукі і прадоўжылі «шукаць ключ» да варот саперніка, за што ў хуткім часе былі ўзнагароджаны. На 67-й мінуце футбалісты з Пружан зарабілі пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў Антон Пашкевіч.
Пасля гэтага перавагай у гульні завалодала наша каманда, якая хутка здолела стварыць яшчэ некалькі небяспечных момантаў. Сярод такіх быў і штрафны ўдар, пасля розыгрышу якога на дабіванні першымі аказаліся нашы хлопцы: адзін з удараў прыйшоўся ў перакладзіну, а другі ў штангу, аднак мяч у сетцы так і не апынуўся. А ўжо на 80-й мінуце пружанскай камандзе ўсё ж такі ўдалося забіць другі гол у паядынку і скараціць адставанне да двух мячоў. Яго аўтарам стаў Дзмітрый Фёдараў. Але, на жаль для нас, пасля двух прапушчаных мячоў гаспадары поля здолелі акрыяць духам і ў канцы гульні здзейснілі яшчэ адно ўзяцце варот.
Вынік сустрэчы 5:2 дорыць футбалістам са Століна добрыя спадзяванні на выніковае сёмае месца ў групе Б другой лігі Брэсцкага дывізіёна. Аднак кропка ў супрацьстаянні яшчэ не пастаўлена, бо каманды чакае матч у адказ, які павінен адбыцца на гэтых выхадных.
Руслан Басак
