Суббота, 18 января 2025

Футбольная сустрэча, спаборніцтвы для дзяцей і дарослых, майстар-класы ад чэмпіёнаў: вялікі блок спартыўных мерапрыемстваў прайшоў у рамках Дня горада

799

Блок спартыўных мерапрыемстваў у рамках Дня горада сёлета быў не менш насычаным за культурную праграму. А яшчэ ў чарговы раз пацвердзіў, што ў нашым горадзе жывуць актыўныя, спартыўныя і ў нечым нават бясстрашныя людзі.

Фактычна спартыўныя мерыемствы і адкрылі насычаную праграму святкаванняў. Пра велапрабегі, якія адбыліся раніцай у пятніцу, мы расказвалі ў мінулым нумары. А вось вечарам на міні-футбольным полі пружанскай СДЮШАР прайшоў таварыскі матч паміж камандамі РАНС і РАУС. Спяшаючыся сюды, заўважыў, што і варкаўт-пляцоўка, што месціцца непадалёк, не пуставала. Але куды больш людзей сабралася на полі. Падтрымаць спартсменаў прыйшлі калегі міліцыянераў і выратавальнікаў, члены сем’яў, сябры, гараджане, якія цікавяцца спортам. Былі сярод гледачоў і работнікі райвыканкама.

Пазнаць, хто ёсць хто на полі, аказалася нескладана. Супрацоўнікі РАНС гулялі ў чырвонай форме, якая асацыявалася з колерам пажарнай машыны. Прадстаўнікі РАУС былі ў сіняй, што таксама вельмі лагічна. Пачалася сустрэча з выканання Дзяржаўнага гімна, пад які ўзнялі Дзяржаўны сцяг.

Пасля была інтрыгуючая гульня. Трэба сказаць, што каманда міліцыянераў адразу ўзяла ініцыятыву ў свае рукі. На перапынак пасля першага тайму сыходзілі лідарамі з лікам 4:0. У другой частцы футбольнага матча выратавальнікі «разыграліся». Адразу два галы адправіў у вароты саперніка Вадзім Лапука, яшчэ адзін — варатар каманды РАНС Дзмітрый Ліневіч. Але ж у зборнай РАУС ужо была перавага, яшчэ два забітыя галы і дазволілі ім перамагчы. Выніковы лік — 6:3.

Аўтарамі мячоў у міліцыянераў сталі Дзмітрый Каляда, Аляксей Бармута, Мікіта Шчур. Тры ачкі з шасці прынёс камандзе Андрэй Жук.

Пераможцам таварыскай сустрэчы быў уручаны кубак. Як прызнаваліся футбалісты, нягледзячы на вынік, яны ўсё роўна застаюцца сябрамі і калегамі, якія і далей будуць працаваць адзінай камандай.

Спартыўныя мерапрыемствы працягнуліся ў суботу. Праўда, перанесліся ў іншае месца — Лядовы палац. Пакуль у цэнтры Пружан выбіралі аўталэдзі, тут пачалася таварыская сустрэча хакейных каманд. На лёд выйшлі дзіцячыя зборныя — госці з абласнога цэнтра і мясцовая каманда. Трэба сказаць, што ў нашых хакеістаў была добрая падтрымка, адказнасці дадаваў родны лёд.

У выніку пружанскія хлопцы паказалі ўвесь свой спрыт і ўзровень і перамаглі брэсцкую каманду з лікам 7:1.

Тым часам да спаборніцтваў рыхтаваліся каманды прадпрыемстваў горада. На корты Лядовага палаца прыйшлі цэлымі сем’ямі. Уласна, сем’і і прынялі ўдзел у самай, на мой погляд, цікавай частцы турніру — спартландыі «Мама, тата, я — спартыўная сям’я». Для каманд малочнага камбіната, райгаза, завода радыёдэталей і лясгаса падрыхтавалі восем крэатыўных выпрабаванняў. Праявіць сябе індывідуальна мог кожны член сям’і, патрабавалася і камандная работа. Вынікі наступныя: першае месца заняла сям’я, якая прадстаўляла лясгас, на другім — каманда малочнага камбіната, на трэцім — райгазу.

Відовішчным атрымаўся турнір па стрытболе — вулічным баскетболе. За перамогу тут змагаліся зборныя тых жа арганізацый, што прымалі ўдзел у спартландыі. Бронзавымі прызёрамі прызнаны райгазаўскія стрытбалісты, сярэбранымі — спартсмены з лясгаса, а залатых узнагарод удастоены работнікі малочнага камбіната.

Да апошніх мінут трымалася інтрыга на міні-футбольным турніры. У спісе ўдзельнікаў значылася пяць арганізацый. Гулялі па кругавой схеме. У фінальнай сустрэчы на поле выйшлі зборныя Пружанскіх электрасетак і Пружанскага малочнага камбіната. Першая каманда аказалася мацнейшай. На трэцім месцы размясціліся футбалісты з лясгаса. Крыху не хапіла да перамогі зборным райгазу і ПМК-21.

Пераможцы ўсіх турніраў атрымалі граматы і падарункі ад РФСК «Мухавец».

Літаральна праз гадзіну пасля завяршэння спаборніцтваў іх арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама шматлікіх гледачоў можна было ўбачыць у цэнтры горада. Усё таму, што яркім завяршэннем спартыўнага блока стала паказальнае выступленне па гіравым спорце пяціразовага чэмпіёна свету і майстра спорту Ігара Сігневіча.

У маі спартсмен ужо прыязжаў у наш раён і правёў майстар-клас у Ружанах. А вось у Пружаны завітаў не адзін. Разам з Ігарам Сігне-вічам на сцэну выйшлі яго сябры-баксёры. Магамед Нурудзінаў удзельнічаў у Алімпіядзе-2008 у Пекіне, а Вазген Сафар’янц — у Гульнях 2012 года ў Лондане.

У нашым горадзе яны прадэманстравалі асноўныя элементы свайго віду спорту і выступілі ў якасці памочнікаў Ігара Сігневіча. А той па-сапраўднаму здзівіў. Спачатку на ўласным прыкладзе прадэманстраваў, чым адрозніваецца штуршок ад рыўка. Затым выканаў найскладанейшы элемент: падняў ажно восем разоў гіру вагой 40 кг… на адным толькі мезенцы!

Таксама спартсмен узгадаў дату і год вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў гонар гэтага 44 разы падняў 40-кілаграмовую гіру. Колькасць зафіксавалі Вазген Сафар’янц і Магамед Нурудзінаў разам з пружанскімі дзецьмі. Дарэчы, для малых перад сцэнай выставілі невялікія гіркі, тыя з задавальненнем падымалі іх адначасова з Ігарам Сігневічам, нібы падтрымліваючы чэмпіёна. Апладысменты гучалі і ад дарослых гледачоў, якіх на плошчы сябралася нямала.

Па заканчэнні выступлення паток людзей хлынуў да знакамітых спартсменаў. Магчымасць сфатаграфавацца не ўпусцілі многія пружанцы. Мы ж скарысталіся момантам і ўзялі аўтографы адчасова для жыхароў усяго раёна і, канечне, чытачоў нашай газеты. Побач з імі атлеты пакінулі самыя цёплыя пажаданні. Пазнаёміцца з імі можна ў нашым Telegram-канале t.me/budniby.

Спартыўныя мерапрыемствы ў рамках Дня горада, упэўнены, падарылі многім жыхарам і гасцям горада выдатны настрой, зарадзілі станоўчымі эмоцыямі, а кагосьці, магчыма, натхнілі, калі не запісацца ў секцыю, то як мінімум, пачаць наведваць трэнажорную залу.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Кацярыны Масік