Понедельник, 2 декабря 2024

Футбольная лестница Евгения Бобрука, или Как пружанский парень попал в минское «Динамо»

1 549

Большасць хлопчыкаў у дзяцінстве марыць стаць славутымі футбалістамі і быць падобнымі да сваіх куміраў. На жаль, не ўсім удаецца дасягнуць футбольных вяршынь, але захапленне гэтым гульнёвым відам спорту праносяць праз усё жыццё многія. Нашаму земляку Яўгену Бабруку ў гэтым плане можна толькі пазайздросціць, паколькі па футбольнай лесвіцы ён узняўся даволі высока і цяпер з’яўляецца гульцом ФК «Дынама» (Мінск). Зразумела, што за гэтым стаіць напружаная праца на зборах і трэніроўках.
А ўсё пачалося ў малодшых класах, калі вучань гімназіі Яўген Бабрук стаў навучэнцам ДЮСШ №1. Праўда, спачатку хлопец выбраў лёгкую атлетыку, але потым усё ж аддаў перавагу футболу.
Тут пад кіраўніцтвам трэнера Алены Адамчук Яўген рабіў свае першыя крокі ў вялікі футбол. Выбар сына падтрымалі і яго бацькі — Сяргей Васільевіч і Таццяна Васільеўна.
Заняткі футболам ніколькі не перашкаджалі юнаку спасцігаць азы навукі. Падабаліся ўрокі гісторыі, фізікі.
— Звязваць сваю будучыню з прафесійным футболам падчас вучобы ў гімназіі я не збіраўся, — гаворыць Яўген.
Але лёс распарадзіўся інакш. Юны перспектыўны футбаліст пасля заканчэння восьмага класа стаў навучэнцам рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча Алімпійскага рэзерву ў Мінску, дзе дзейнічае сістэма адбору і падрыхтоўкі спартыўна адоранай моладзі.
Тут Яўген спалучаў вучобу ў школе з заняткамі футболам. Зімой, калі быў вучнем 10 класа, ён перайшоў у ФК «Дынама»(Мінск) і працягнуў вучобу ў спецыялізаваным класе сталічнай СШ №48.
— У выпускным класе я ўжо трэніраваўся з дубліруючым складам «Дынама», — успамінае Яўген.
Апошнія тры сезоны Яўген Бабрук выступаў за маладзёжную каманду мінскага «Дынама». За гэты перыяд нападаючы правёў 57 гульняў і забіў 18 галоў. У мінулагоднім сезоне на яго рахунку 9 галоў у сямнаццаці гульнях. Прычым у матчы з «Нёманам» Яўген вызначыўся тройчы, а ў гульнях з «Іслаччу» і «Дняпром» пападаў у вароты саперніка двойчы. Вядома, што забітых мячоў магло быць значна больш, калі б не траўмы, якія футбаліст атрымліваў апошнія два сезоны. На жаль, ад гэтага ў футболе ніхто не застрахаваны.
У мінулым сезоне маладзёжная каманда «Дынама»(Мінск) заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны і Яўген Бабрук стаў уладальнікам бронзавага медаля. Акрамя гэтага, раней футбаліст гуляў у складзе юнацкіх зборных Рэспублікі Беларусь розных узростаў: U-15,U-16,U-17.
У некалькіх сустрэчах Яўген выходзіў на поле ў складзе асноўнай каманды, у прыватнасці ў кубкавай і таварысцкай у Туле з мясцовым «Арсеналам».
Напэўна, як і любому нападаючаму, яму падабаецца атакуючы стыль гульні, які цяпер дэманструе «Манчэстар Сіці». А вось сярод футбалістаў узорам для пераймання могуць быць Фрэнк Лэмпард і Крышціяну Раналду.
Паралельна з заняткамі футболам Яўген Бабрук атрымлівае адукацыю ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Студэнт IV курса набывае самую што ні ёсць тэхнічную спецыяльнасць, звязаную з «нізкатэмпературнай тэхнікай».
Як і любы футбаліст, Яўген думае аб працягу сваёй кар’еры. У яго яшчэ на два гады дзейнічае працоўнае пагадненне, заключанае з ФК «Дынама»(Мінск). Прабіцца маладому футбалісту ў асноўны склад каманды будзе даволі няпроста, паколькі тут гуляюць вопытныя нападаючыя. Разумее гэта і сам Яўген.
— Добра было б сёлетні сезон правесці на ўмовах арэнды ў адной з каманд вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі, — разважае футбаліст.
Будзем спадзявацца, што малады чалавек не згубіцца ў футбольным свеце і будзе паказваць прыгожы футбол на палях не толькі Беларусі, але і Еўропы. А мы, аматары футбола Пружаншчыны, будзем з задавальненнем сачыць за гульнёй нашага земляка.

На здымку: Яўген Бабрук на гарадскім стадыёне «Мухавец» у Пружанах.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *