
Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, вёска Навасёлкі. Тут 13 чэрвеня 1924 года нарадзіўся мой прадзядуля, Мікалай Андрэевіч Ліцкевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.
Паўгалоднае дзяцінства, шматдзетная сям’я, маленькая халодная хатка з глінянай падлогай. З ранняга ўзросту дзяцей прывучалі да працы: араць, сеяць, жаць, касіць. Так было амаль ва ўсіх сялянскіх сем’ях. Затым юнацкія гады пад прыгнётам панскай Польшчы. Калі пачалася вайна, яму было 17 гадоў. Таму і не трапіў адразу на фронт, а разам з сястрой Антанінай быў прымусова вывезены на працу ў незнаёмую і далёкую Германію. Лёсам было наканавана зведаць усе жахі рабства на ткацкай фабрыцы з раніцы да позняга вечара: пыл выядаў вочы, не даваў дыхаць, бясконцы лязг і шум станкоў, а побач — наглядчыкі з дубінамі, якія не дазвалялі спыніцца ні на мінуту, выцерці салёны пот. Жылі ў бараках з цэментавай падлогай, зверху крыху прыцярушанай саломай. А раніцай, па словах прадзядулі, выцягвалі, як дровы, замораных непасільнай працай, нясцерпнымі ўмовамі, галодных і халодных землякоў-беларусаў. Яму пашчасціла па волі Божай выжыць, — прыйшло доўгачаканае вызваленне, і прадзядуля трапіў на фронт. Пад Калінінградам быў паранены, лячыўся ў шпіталі…
А прабабуля расказвала, як часта ноччу іх будзіў грукат у шыбу акна. Прыходзілі галодныя партызаны, якім яны пяклі хлеб. А яшчэ строгі загад, каб нікому аб гэтым не гаварылі…
Доўгачаканая перамога прыйшла ў кожную сям’ю. Вярталіся дамоў удзельнікі той страшэннай вайны. Майго прадзядулю таксама з нецярпеннем чакалі бацькі, родныя і блізкія. Аднак пасляваеннае жыццё, з яго ўспамінаў, было нялёгкае. Не было што апрануць і абуць, перабіваліся на бульбе. У хуткім часе пачалі арганізоўвацца калгасы. Сям’я Ліцкевічаў без вагання ўступіла ў калектыўную гаспадарку. Каб выжыць, трэба было працаваць шчыра, да сёмага поту. Але разуменне таго, што ты дома, на роднай зямлі, надавала сілы і ўпэўненасці. З аповедаў родных, Мікалай Андрэевіч ніколі не крыўдзіўся на свой лёс. Маладосць і надзея на лепшае будучае — вось што рухала наперад.
У 1950 годзе ён ажаніўся з маёй прабабуляй, Ганнай Кандратаўнай Рабчук. У хуткім часе з’ явілася першая дачушка Марыя. Усяго ў іх сям’і было сямёра дзяцей. Запланавалі будаваць сваё жыллё. Не хапала сродкаў. Завялі сваю ўласную гаспадарку. Трымалі кароў, свіней, курэй. А як інакш? Неабходна было гадаваць дзяцей, якія падрасталі адзін за другім. У хуткім часе і яны сталі памочнікамі і прывучаліся да працы з ранняга ўзросту. Нават не верыцца, адкуль у іх браліся сілы і цярпенне, каб выгадаваць, вывучыць і паставіць на ногі столькі дзяцей.
Прадзядуля працаваў у калгасе імя Калініна і на ўласнай гаспадарцы. Ён не цураўся ніякай работы. Быў адным з лепшых касцоў у вёсцы. Атрымліваў падзякі і быў узнагароджаны медалём «Ветэран працы». І заўсёды выказваў задаволенасць, што жыццё наладзілася: падрастаюць дзеці і ўнукі, быў свой дом, хлеб і да хлеба. А 9 Мая, у Дзень Перамогі, заўсёды ішоў на ўрачысты мітынг у суседнюю вёску, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
Самае галоўнае для яго было тое, каб людзі і падрастаючае пакаленне не зведалі жахаў вайны. Нават на заслужаным адпачынку ён не сядзеў склаўшы рукі: працягваў працу ў калгасе, дапамагаў дзецям, у вольны час любіў бываць у лесе.
Не стала Мікалая Андрэевіча 21 жніўня 2007 года. Ён пражыў 83 гады. Пражыў годна, сумленна, прыгожа.
У вёсцы Навасёлкі Сухопальскага сельскага Савета стаіць хата, пабудаваная сям’ёй Ліцкевічаў. Гэта дагледжаны і добраўпарадкаваны дом. Дзеці выканалі запавет бацькоў: не прадаваць дом, дзе раслі і гадаваліся. У выніку захавалася месца і той кусочак зямлі, куды прыязджаюць дзеці, унукі і праўнукі, каб аддаць даніну памяці сваім родным і дарагім людзям.
Вось такім ён быў, на першы погляд, звычайны беларус, селянін, удзельнік і ветэран Вялікай Айчыннай вайны. А для мяне асабіста — гэта прыклад вернасці і адданасці Радзіме. Няхай радасна смяюцца дзеці, спяваюць птушкі, квітнеюць гарады і вёскі пад мірным і сонечным небам маёй роднай Беларусі.
Ксенія Козел.
Фота з сямейнага архіва