Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пастаянна сочыць за ростам цэн на найбольш значныя тавары. Адпаведныя маніторынгі праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку ў Пружанах.
Як паведаміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, іх мэта – суаднесці ўзровень цэн з узроўнем сярэдняй заработнай платы. Падчас прафсаюзнага кантролю за цэнамі асаблівая ўвага надаецца прадуктам харчавання.
— Аналіз дадзеных маніторынгу паказаў, што нязначна павялічыліся цэны на кісламалочныя прадукты, маргарын, салёны селядзец, фруктовыя сокі, сухафрукты і соль. Фактар сезоннасці адбіўся на павелічэнні цэн на некаторыя пазіцыі свежай агародніны. Напрыклад, у кастрычніку ў параўнанні з вераснем цэны на агуркі і памідоры павялічыліся больш чым на 70%, — падкрэсліла Таццяна Гаманчук.
Прафсаюзны лідар Пружаншчыны расказала, што кожны месяц раённае аб’яднанне сочыць за цэнамі ў двух гандлёвых аб’ектах горада. Гэта магазіны «Універсам» Пружанскага райспажыўтаварыства і «Белмаркет». Маніторынгам ахоплена больш за 80 найменняў прадуктаў харчавання. Сярод іх малочныя прадукты, хлебабулачныя і макаронныя вырабы, крупы, мясная прадукцыя, садавіна і агародніна.
Фактычна засталіся ранейшымі цэны на асобныя віды круп (ячныя, аўсяныя і манныя), макароны і муку. Прыкладна на 30% знізіўся кошт цытрусавых – апельсінаў, мандарынаў і лімонаў.
У той жа час, калі параўнаць цэны кастрычніка гэтага года з кастрычнікам мінулага, падаражэлі усе віды прадуктаў, за якімі вядзецца маніторынг. Але ж найбольш – агародніна. На Пружаншчыне, як і па краіне ў цэлым, цана на капусту ўзрасла ў 2 разы, на бульбу – у раёне 90%, на буракі – больш чым на 80%. Падаражэлі таксама алей, куры, яйкі, бабовыя, грэцкія крупы.
Таксама Таццяна Юр’еўна адзначыла, што ў сувязі з эпідсітуацыяй з 1 сакавіка ФПБ працягвае штотыднёвы маніторынг лекавых сродкаў. У пераліку, які правяраюць прафсаюзы, — 50 найменняў лекаў. У цэлым сітуацыя з цэнамі на іх застаецца даволі стабільнай. Больш за тое, у шэрагу аптэк фіксуюцца прымяненне больш гібкіх сістэм фарміравання цэн і наяўнасць зніжак.
Разам з тым, пры правядзенні маніторынгу выяўляюцца факты адсутнасці на паліцах аптэк лекавых сродкаў, якія карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Напрыклад, падчас праверкі часта ў аптэках нашага раёна не было таблетак «Рываксан». Адсутнасць пэўных сродкаў тлумачылі тым, што яны былі раскуплены. Асобныя ўвогуле не пастаўляюцца, бо ёсць у продажы іх аналагі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.
Па словах Таццяны Гаманчук, маніторынгі будуць працягвацца і далей.
Уладзіслаў Шпарла