“Будзем бліны есці, гарбату піць, вясну гукаць і пра пост успамінаць!” – даносіліся галасы зазывалаў з пляцоўкі каля Палаца культуры. І ўсё больш і больш людзей прыбывала на гарадскую плошчу. Так пачыналася “Масленіца” — народнае свята праводзінаў зімы і сустрэчы вясны, якое прайшло ў мінулую нядзелю.
Прывітанне добрым людзям перадавалі са сцэны ўдзельнікі гульнёва-тэатралізаванага прадстаўлення “Масленка”. Яны жартавалі, забаўлялі, нагадвалі пра народныя прыкметы, а галоўнае — самі ўдзельнічалі ў абрадзе сустрэчы першых праяў вясны і праводзінаў зімы. Гэта яны – Алег Строк, Карына Шаманава, Алёна Жмайлік, Алег Мардань, Аляксандр Войцік, Таццяна Паласьмак, Анастасія Ціхановіч, Аляксандр Казей і Аліна Кныш, сыграўшы герояў прадстаўлення, і адкрылі свята. Заліхвацкімі танцамі яго падхапілі пасля ўдзельнікі народных ансамбляў танца “Ойра” і “Спадчына”.
Яркімі выступленнямі ўпрыгожылі мерапрыемства самадзейныя артысты Калядзіцкага і Новазасімавіцкага СДК, Аранчыцкага СДФ. А затым у вясёлае дзейства ўключылася і публіка. Жадаючыя маглі і сілай памерацца, і свой спрыт праявіць, удзельнічаючы ў розных гульнях і конкурсах. Асабліва шмат удзельнікаў было на забаўляльнай пляцоўцы “Прастаквашына”, якую арганізавала фірма “ДанонБел”. Прапануючы сваю малочную прадукцыю, ветлівыя хлопцы і дзяўчаты прасілі і словы прыгожыя ўспомніць, і ў трапнасці паспаборнічаць, і сфатаграфавацца ў вобразе ката Матроскіна. У якасці прыза пераможцы атрымлівалі, напрыклад, цэлыя ўпакоўкі смятаны. А неўзабаве на “Прастаквашына” ўтварылася чарга за духмянымі блінамі, якія дзяўчаты пяклі і раздавалі бясплатна, папярэдне старанна выводзячы на іх смайлікі са смятаны.
Дарэчы, не толькі бліны, але шашлыкі і розныя прысмакі шырока прапаноўвалі і пружанскія гандляры. І прадукцыя гандлёвых палатак філіялаў райспажыўтаварыства карысталася попытам. Зрэшты, столікі, якія былі размешчаны побач, не пуставалі…
Аднак на свяце можна было не толькі прыемна правесці час з сябрамі пад добрую музыку і пачастунак, але і набыць розную прыемную драбязу на памяць. На гандлёвых радах можна было і разнастайную біжутэрыю выбраць, і шматлікія вырабы з дрэва. Як заўсёды, радавала выбарам сваёй салодкай і карыснай прадукцыі пчаляр з Лінова Анжэла Старчак, прапануючы мёд на любы густ.
Адметна, што ў тую нядзелю, многія заезджыя прадпрымальнікі, ігнаруючы падобныя святы ў іншых райцэнтрах, аддалі перавагу менавіта Пружанам. Амаль што ў адзін голас і гандляр сувенірамі з г.п.Мір, і прадпрымальніца з Мінска, якая гандлявала вырабамі з буку карпацкіх майстроў, сцвярджалі, што выбралі наш горад таму, што ён падабаецца не толькі сваёй чысцінёй і ўтульнасцю, але і ветлівымі людзьмі. Таму гандлююць у нас далёка не першы раз, і зусім не апошні…
Сапраўднае раздолле было створана для дзятвы, для якой працавалі атракцыёны. На спартыўнай пляцоўцы ў армрэслінгу мераліся сіламі ўдзельнікі атлетычнага клуба “Тытан”, які пад кіраўніцтвам выкладчыка фізкультуры Аляксандра Мацаюка дзейнічае ў аграрна-тэхнічным каледжы. У той дзень перамога ўсміхнулася навучэнцам Кірылу Ашкала, Юрыю Парфенюку і Аляксандру Кучынскаму.
А вось самы спрытны малады чалавек, які здолеў дастаць запаветны падарунак на слупе першым, толькі паведаміў, што аказваецца пераможцам не ўпершыню…
Музыка і вясёлы смех яшчэ доўга даносіліся з гарадской плошчы. Людзі радасна сустракалі вясну.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).
На здымках: падчас святкавання «Масленіцы».