Понедельник, 28 апреля 2025

Фоторепортаж с открытия мини-футбольной площадки в СШ №1

946

У Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на стадыёне СШ №1 была ўрачыста адкрыта міні-футбольная пляцоўка (другая ў Пружанах).


Будаўніцтва вялося па сацыяльным праекце «Bonfesto — дзецям», які сумесна рэалізуюць Тураўскі малочны камбінат, Беларуская федэрацыя футбола і мясцовыя органы ўлады. Пружанская пляцоўка стала 74-й са 118-ці, якія павінны з’явіцца ў беларускіх гарадах згодна з праектам.


На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі ў тым ліку кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў і намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк, які ўзначальвае Брэсцкую абласную федэрацыю футбола.
Уладзімір Аляксандравіч Базанаў у звароце да юных спартсменаў выказаў надзею, што новыя магчымасці для трэніровак прывядуць да таго, што брэсцкія каманды “Дынама” і “Рух” у хуткім часе папоўняцца і пружанскімі юнакамі.


Брэнд-менеджар ААТ «Тураўскі малочны камбінат» Кацярына Падгайская адзначыла, што для прадпрыемства вельмі ганарова стаяць ля вытокаў станаўлення кар’ер будучых прафесійных спартсменаў. Тым не менш, галоўнае не гэта. Галоўнае, каб дзеці раслі здаровымі і дужымі, а дапамогуць ім у гэтым новыя спартыўныя аб’екты і правільнае харчаванне.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю. Бісун таксама засяродзіў увагу на тым, што за здароўем сачыць патрэбна з юных гадоў, а заняткі спортам як нішто іншае спрыяюць гэтаму.


Госці цырымоніі сімвалічна перарэзалі стужку і адправілі першы гол у вароты на новым полі пад бурныя апладысменты юных спартсменаў.


Пасля гэтага на пляцоўцы адбыўся першы ў яе гісторыі матч. Хто мацнейшы, высвятлялі паміж сабой каманда дзяўчынак і каманда хлопчыкаў, якія займаюцца пад кіраўніцтвам трэнера А.Ф. Адамчук у ДЮСШ №1.


Напрыканцы мерапрыемства старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” У.А. Базанаў даў экспрэс-інтэрв’ю “Раённым будням”.

— Уладзімір Аляксандравіч, прызнайцеся, якой камандзе Вы аддаеце перавагу?
— Ніякай. Так, я пэўны час працаваў у Брэсце, узначальваў праўленне ФК «Дынама», але цяпер перада мной стаяць іншыя задачы. Я да ўсіх каманд стаўлюся роўна, каб гэтак жа роўна, не схіляючыся ні да якога боку, дапамагаць і вырашаць праблемы.
— Пружанская пляцоўка – вынік супрацоўніцтва федэрацыі, Тураўскага малочнага камбіната і мясцовай улады, але, ведаем, ёсць і асобныя праекты АБФФ?
— Так. Напрыклад, сёлета па распараджэнні Прэзідэнта РБ сумеснымі намаганнямі адкрыта 19 пляцовак, а за сродкі АБФФ пабудавана яшчэ 14. Спадзяюся, што менавіта рэгіёны будуць умацоўваць футбольныя каманды першай і другой лігі. Таму і ўкладаем такія сродкі менавіта ў дзіцячы спорт.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).