Сяргей Анонічаў пачаў займацца фатаграфаваннем шмат гадоў таму, калі гэта было цэлае майстэрства. Для таго, каб зрабіць чорна-белую фотакартку, трэба было запраўляць у апарат плёнку, праяўляць яе і фіксаваць, затым праяўляць фотаздымкі…
— Напэўна, многія, у каго захапленне фатаграфіяй прыйшлося на савецкія гады, пачыналі з фотаапарата «Змена-8». І я не быў выключэннем. Пазней падараную татам тэхніку змяніла легендарная «зяркалка» «Зеніт», — расказвае субяседнік пра сваё падлеткавае хобі.
Да слова, у той час інтарэс да фатаграфіі школьнікам дапамагалі развіваць, бадай, у кожным Доме піянераў.
Варта сказаць, што ў С.Анонічава хобі не адразу перарасло ў прафесійны занятак. Перш чым заняцца студыйнай фотаздымкай, яму давялося пашукаць сябе ў розных галінах. І вось ужо каля трох гадоў як фатаграфаванне стала спосабам яго заробку. Разабрацца з сучаснай тэхнікай і праграмамі апрацоўкі фота не склала складанасцей.
Сёння ў Ружанскім сельсавеце знойдзецца нямала тых, хто шчыра ўдзячны Сяргею Анонічаву. І сярод іх не толькі тыя, каму ён дапамог спыніць час і захаваць моманты жыцця з дапамогай фотаздымкаў. Мужчына абсалютна бясплатна аказвае дапамогу ў вырабе фотаздымкаў пажылым людзям, інвалідам, пацыентам сацыяльных ложкаў у мясцовай бальніцы, нядобранадзейным, як кажуць, грама-дзянам… У сельвыканкаме зазначаюць, што не ўсе маюць фізічную магчымасць дабрацца да райцэнтра, каб зрабіць фота на дакументы. І такіх людзей хапае ў розных кутках сельсавета. Сяргей не лічыцца ні з асабістым часам, ні з транспартнымі і іншымі выдаткамі — робіць фота гэтым людзям абсалютна бясплатна.
Для чаго фатограф займаецца такой дабрачыннасцю? Сяргей Анонічаў паціскае плячыма, задумваецца і дзе-ліцца сваім меркаваннем на гэты конт:
— На жаль, сёння так рэдка бачыш бескарыслівыя ўчынкі: людзі хочуць кожнае сваё дзеянне «манетызаваць». Але ж жыццё — рэч такая непрадказальная. І закон бумеранга ніхто не адмяняў: калі сёння я зраблю камусьці дабро, заўтра, перакананы, яно да мяне вернецца.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.