Вторник, 21 января 2025

Фотарэпартаж з сучаснага пункта прыгатавання ежы ААТ «Велікасельскае Агра»

1 266

Што хочацца зрабіць пасля смачнага абеду? Напэўна, паспаць! Але калі хтосьці і можа дазволіць сабе такую раскошу, дык толькі не працаўнікі поля.


«Зараз для нас кожная мінута і кожнае зярнятка – на вагу золата», – расказваюць камбайнеры ААТ «Велікасельскае Агра». І тым не менш, абеду ці вячэры чакаюць з нецярпеннем. Чаму? Прычына простая: таму што смачна!


Каб работнікі харчаваліся сытна, смачна і своечасова, прычым не толькі падчас жніва, у ААТ «Велікасельскае Агра» вырашылі займець сучасны пункт прыгатавання ежы. Для будучага харчаблока падабралі аб’ект, які раней належаў камбінату бытавога абслугоўвання. Рамонт правялі сваімі сіламі, закупілі неабходнае абсталяванне, і ў сакавіку гэтага года пункт у Вялікім Сяле пачаў работу.


Цяпер тут працуе восем чалавек. За прыгатаванне смачных абедаў для камбайнераў, вадзіцеляў, механізатараў адказваюць повары Максім Бегаль і Юлія Пацяруха. Дапамагае ім тры кухонныя рабочыя. У дзень візіту карэспандэнтаў на першае была салянка, адна з любімых страў Максіма Анатольевіча, на другое – грэцкая каша з мясам і салата са свежай капусты, на трэцяе – кампот.

— Смачна есці! – жадае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мікалай Ляўчук і расказвае, што кормяць працаўнікоў поля двойчы на дзень – прыкладна ў 11.30 і 16.30 гадзін. Тыя, каму даводзіцца працаваць ноччу, атрымліваюць сухі паёк. Дарэчы, побач з харчаблокам пасадзілі свой агарод, дзе вырошчваюць агуркі і зеляніну.


План работы ў харчаблока немалы: у дзень нашага прыезду гатавалі 112 абедаў і 74 вячэры. Расслабляцца няма калі, але Юлія Мікалаеўна знайшла мінутку, каб адказаць на пытанні. «Родам я з Перадзельска, зараз жыву ў Стараволі. Поварам у гаспадарцы працую ўсяго месяц, але работа гэтая вельмі падабаецца. У нас дружны калектыў не толькі на пункце прыгатавання ежы, але і ўвогуле», — прызнаецца повар.
Тым часам, раздатчыцы рыхтуюцца да выезду. Але перад гэтым Мікалай Васільевіч паспявае правесці для нас экскурсію па будынку.

Тут ёсць гарача-халодны цэх, дзе рыхтуюць гарачыя стравы, закускі і дэсерты. У агароднінным цэху гатуюць салаты. Для таго, каб на талерках работнікаў былі смачныя катлеты і не толькі, функцыянуе мяса-рыбны цэх з сучаснай італьянскай мясарубкай. Зразумела, што прысутнічаюць на пункце прыгатавання ежы мыйная, кладоўка і душавая для работнікаў. А на вуліцы пабудаваны склеп.

У абсталяваным на пункце пакоі прыёму ежы абедаюць работнікі падраздзяленнящ, што знаходзяцца непадалёк, а харчаванне на палеткі развозяць на трох аўтамабілях.

Маршрут раздатчыцы Святланы Кунда на гэты раз пралягае праз КЗС, будаўнічы атрад, майстэрні, механізаваны двор і многія іншыя кропкі. Сёлета жанчына святкуе асабісты працоўны юбілей – вось ужо 20 гадоў яна шчыруе ў «Велікасельскім Агра». Сваю работу і калег вельмі любіць. Апошнія таксама паважаюць Святлану Аляксандраўну, заўсёды дзякуюць за абеды і вячэры.


У гэтым мы пераканаліся падчас наведвання механізаванага двара. У такі гарачы час работнікі харчуюцца на свежым паветры, у прыгожай альтанцы. «Што з меню падабаецца больш за ўсё?» — пытаюся ў начальніка мехатрада Аляксея Самасюка. «Усе стравы, што прывозяць нам, вельмі смачныя. А найсмачнейшы для мяне – халаднік!» – усміхаецца Аляксей Аляксеевіч.

Якія планы ў работнікаў пункта харчавання? І надалей разнастайна, сытна карміць работнікаў сельгаставарыства. І, канечне, тут абяцаюць здзіўляць новымі, смачнымі і карыснымі стравамі.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).