Пакуль у Ружанскім палацавым комплексе ідзе рэстаўрацыя тэатральнага корпуса, не адстае і сам пасёлак. Не, гэты матэрыял не пра добраўпарадкаванне або рамонт — хаця і тут ёсць чым пахваліцца. Мне хочацца расказаць пра новыя арт-аб’екты, якія зусім нядаўна з’явіліся ў гэтым населеным пункце і ў якіх ёсць усе шансы стаць адной з самых папулярных сэлфі-зон у Ружанах.

Думка стварыць у турыстычнай кропцы Пружанскага раёна нешта падобнае наведвала старшыню Ружанскага сельвыканкама Аксану Юркоўскую не раз. Аксана Уладзіміраўна разумела: фотазона павінна не проста прыцягваць увагу, але быць запамінальнай і нагадваць таму, хто робіць тут здымкі, пра Ружаны.
— Існуе мноства легенд, чаму наш гарадскі пасёлак атрымаў такую назву. Адна з іх сцвярджае, што мясцовыя жыхары вырошчвалі вельмі прыгожыя ружы. Так і нарадзілася думка зрабіць арт-аб’ект у форме рукі, якая трымае чырвоную ружу — такую, як на гербе Ружан. Ружа заўсёды лічылася сімвалам прыгажосці, элегантнасці, таму, канечне, яна стане ўпрыгажэннем пасёлка, — дзеліцца Аксана Уладзіміраўна.

І працягвае, што месца для размяшчэння своеасаблівай скульптуры вызначылі амаль адразу: побач з мясцовым цэнтрам культуры і вольнага часу, сімвалам творчасці і натхнення, і на беразе мясцовага возера. Але ж не толькі ружамі славіліся і славяцца Ружаны. Перш за ўсё — сваёй архітэктурнай спадчынай. Таму другі арт-аб’ект — фотарамку з надпісам «Я люблю Ружаны» — вырашылі размясціць у скверы 17 Верасня, паміж царквой і касцёлам.
Старшыня Ружанскага сельвыканкама расказвае, што вырабіў такія цудоўныя зоны для фота індывідуальны прадпрымальнік з Мінскай вобласці, усталявалі — работнікі мясцовага ўчастка «Камунальніка». Сродкі знайшліся дзякуючы прэміі, якую Ружанскі сельскі Савет дэпутатаў атрымаў за другое месца па групе «Сельскія, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветы дэпутатаў» у абласным конкурсе па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2022 годзе. Атрымліваецца, што грошы ўклалі ў прыгажосць і, лічыце, стварэнне станоўчага іміджу населенага пункта.

Паспелі ацаніць новыя аб’екты мясцовыя жыхары, у якіх мы пацікавіліся меркаваннямі пра фотазоны. Таццяна Баглай называе Ружаны горадам, кажа, што не ўяўляе іншага месца для жыцця і называе яго лепшым на зямлі.
— Думаю, што цяпер наведванне Ружан яшчэ больш павялічыцца. А мы з дачкой, якая працуе ў Мінску, ужо паспелі сфатаграфавацца каля рамкі. Як толькі яна прыехала на выхадныя, пайшлі сюды. І ёй, і матулі памяць. Увогуле, у нас вельмі чыста, акуратна, і жыць у Ружанах максімальна камфортна, — кажа Таццяна.

Згодна з меркаваннем жанчыны яшчэ адна жыхарка пасёлка Галіна Сяркевіч: «Я люблю Ружаны» — так скажу не толькі я, але і многія мясцовыя жыхары. Пасёлак сапраўды вельмі падабаецца. Дзякуй, што яму надаецца такая ўвага. Думаю, што фотазоны будуць запатрабаваны і ў ружанцаў, і ў турыстаў, якія прыязджаюць на экскурсіі, і ў маладых. Усё таму, што ружа, размешчаная каля нашага цэнтра культуры, як мне здаецца, — выдатнае месца для вясельнага фота».

Абавязкова зрабіце сэлфі ці звычайнае фота побач з новымі фотазонамі, калі будзеце ў Ружанах, і вы. І не хавайце здымкі ў далёкую скрыню, дзяліцеся імі і стаўце адпаведныя хэштэгі. Няхай пра прыгажосць Ружан ведае ўвесь свет!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара