Прыемныя навіны радуюць рэдакцыю напярэдадні 85-годдзя «Раённых будняў». Справа ў тым, што наша калега, фотакарэспандэнт Кацярына Масік, стала пераможцай фотаконкурсу «На сваёй зямлі» ад «Радио «Мир».
Ад удзельнікаў патрабавалася даслаць фотаздымкі, праз якія трэба было падзяліцца сваімі гісторыямі і ўспамінамі пра дарагія сэрцу мясціны беларускай зямлі.

Жыхары краіны даслалі на конкурс сотні душэўных фота, а імёны пераможцаў агучылі ў прамым эфіры «Радио «Мир».
Лепшымі былі вызначаны шасцёра аўтараў фота — па адным ад кожнай вобласці. Пераможцай ад першага рэгіёна — Брэсцкай вобласці — якраз і стала наша калега, фотакарэспандэнт Кацярына Масік. На конкурс яна прадставіла фотаработу пад назвай «Хлеб на стале — песня ў душы».

Узнагароджанне лепшых адбылося ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме» ў Мінску. Тут жа ўрачыста адкрылі выставу работ пераможцаў фотаконкурсу. Ім былі ўручаны прызы ад прадстаўніцтва МТРК «Мир» у Беларусі і партнёраў праекта.
Віншуем Кацярыну, ганарымся і жадаем новых перамог!
Уладзіслаў Шпарла.
Фота з асабістага архіва Кацярыны Масік