Святы Казімір у Ружанах — гэта не толькі выява на гербе, памятны знак заступніку гарадскога пасёлка ў скверы на цэнтральнай плошчы. У гонар яго быў асвечаны касцёл на пасялковых могілках.

Нагадаем, што касцёл (або капліца) Святога Казіміра быў узведзены напрыканцы XVIIІ стагоддзя, калі Ружаны належалі Аляксандру Сапеге, архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам. Шмат дзесяцігоддзяў ён прастаяў у непрывабным стане, разбураўся.
Было нямала спрэчак наконт яго лёсу. У выніку вырашылі: неабходна рамантаваць, нягледзячы на многія складанасці. І вось нядаўна завяршыліся аднаўленчыя работы.

Асвячэнне і афіцыйнае адкрыццё адбудуцца крыху пазней, калі культавую ўстанову напоўняць патрэбным начыннем. Але будаўнічыя рыштаванні зняты — і прыгожы гістарычны будынак зноў нагадвае Ружанам пра іх мінулае.
Фота Кацярыны Масік