Суббота, 15 февраля 2025

Фотафакт. Залатых і сярэбраных юбіляраў сямейнага жыцця ўшанавлі ў ЗАГСе

861

У апошнюю суботу лістапада ў аддзеле загса Пружанскага райвыканкама прайшлі ўрачыстыя рэгістрацыі юбілейных шлюбаў.

Як шмат трэба кахання, павагі адзін да аднаго, шчырага жадання разам, рука ў руцэ прайсці праз усе жыццёвыя выпрабаванні! Не ўсе сем‘і спраўляюцца з перашкодамі на шляху, тым каштоўней становяцца гады і дзесяцігоддзі ў тых, каму гэта ўдалося. Нездарма серабром і золатам пазначаюць юбілеі сямейнага жыцця.

Сярэбраны юбілей сваёй сям‘і зарэгістравалі Аляксандр Міхайлавіч і Наталля Міхайлаўна Носары. І час нібы павярнуў назад, нібыта і не было гэтых 25 гадоў: зноў шчаслівыя «маладыя» станавіліся на вясельны ручнік, ставілі свае подпісы ў кнізе рэгістрацыі шлюбаў, абменьваліся пярсцёнкамі, кружыліся ў вальсе. Толькі побач выціралі слязінкі замілавання з вачэй дарослыя дочкі, а да яркіх і шчырых юнацкіх эмоцый дадалося спакойнае ўзаемаразуменне, імкненне падтрымаць адзін аднаго…

А Мікалай Рыгоравіч і Надзея Іосіфаўна Леўчукі зарэгістравалі залаты юбілей! 50 гадоў, якія прайшлі з моманту стварэння гэтай сям‘і, пацвердзілі, што саюз атрымаўся дастойны, трывалы да ўсіх выпрабаванняў, якіх нямала аказалася на шляху. Пабудаваць дом, пасадзіць не адно — цэлы сад дрэваў, выхаваць сумленных і працавітых сына і дачку, радавацца пяці ўнукам — гэта ўсё пра іх.

Юбілярам уручаліся падарункі ад аддзела загса і прадстаўнікоў працоўных калектываў. Дарэчы, Мікалай Ляўчук з‘яўляецца ветэранам працы Пружанскага райгазу, Нядзея Ляўчук ветэран працы завода радыёдэталяў, а Аляксандр Носар шмат гадоў працаваў у аддзеле Дэпартамента «Аховы».

У добры і шчаслівы далейшы сямейны шлях, дарагія юбіляры!

Наталля Цібароўская, загадчык аддзела загса