Магчыма, добраўпарадкаванне вуліц вядзецца не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б, але гэты працэс ідзе няспынна. І паступова, з году ў год выгляд нашых населеных пунктаў змяняецца ў лепшы бок.
Сёлета дайшла чарга і да вуліцы Свабоды ў г.Пружаны. Працяглы час рух па ёй выклікаў нямала крытычных заўваг. Асабліва пакутавалі вадзіцелі ад высокіх або занадта заглыбленых калодзежных люкаў. Менавіта з выпраўлення гэтых хібаў і пачалося добраўпарадкаванне праезнай часткі. У дадатак, як зазначыў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, падчас падрыхтоўчага этапу была праведзена замена інжынернай інфраструктуры на шэрагу ўчасткаў, якія выклікалі сумненні адносна безаварыйнай работы. І толькі пасля заканчэння падобных работ дарожнікі ДЭУ-25 прыступілі да асфальтавання.
Як паведаміў начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №25 Уладзімір Пунько, новае асфальтавае пакрыццё робіцца па ўсёй даўжыні вуліцы. У выніку на 545 метрах будзе ўкладзена амаль 5 тысяч квадратных метраў цвёрдай сумесі, пасля чаго надыдзе чарга нанясення разметкі.
Работы пачаліся ў сярэдзіне чэрвеня і хутка будуць скончаны.
Дададзім, што на гэтае добраўпарадкаванне было выдзелена амаль 150 тысяч рублёў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік