Среда, 19 февраля 2025

Фотафакт. Уборку азімага ячменю вядзе «Велікасельскае Агра»

344

Здаецца, толькі нядаўна закладвалі зярняткі ў зямлю, даглядалі, хваляваліся за ўсходжасць. А час жа не стаіць на месцы, і зноў на перадавую выходзяць хлебаробы, каб папоўніць жытнюю скарбонку дзяржавы, узмацніць харчовую бяспеку роднай Беларусі, забяспечыць землякоў хлебам. На першым плане цяпер азімыя культуры.

Падчас уборачнай у «Великасельскім Агра».

У нашым раёне на 100% справіліся з уборкай свірэпіцы, вырошчваннем якой займаюцца ААТ «Шані-аграпрадукт» і «Ліноўскае». Сабралі ўсяго 25,9 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 16,2 ц/га. Цяпер поўным ходам ва ўсіх сельгаставарыствах убіраецца азімы ячмень (план — 1755 га). Надвор’е спрыяе таму, каб справіцца з работай у вызначаныя тэрміны і якасна. На чацвер бягучага тыдня ячмень убраны на 808 га (46% да плана), ураджайнасць складае 46,3 ц/га.

Актыўна ўключылася ва ўборку сельгаскультуры і ААТ «Велікасельскае Агра», якое па восені засеяла азімым ячменем 360 га, — лідар у раёне па плошчы.

На чарговае жніво выйшлі дзевяццю камбайнамі, на палетку каля вёскі Зарэчча шчыравала сем экіпажаў. Адзін камбайн «Гомсельмаш GS 2124» уведзены ў эксплуатацыю сёлета, штурвал даручаны вопытнаму механізатару Аляксандру Слабадзе, для якога цяперашняя ўборка будзе дзевятнаццатай па ліку. За вопыт і адказнасць за даручаную справу — давер ад кіраўніцтва гаспадаркі.

На адвозе залацістага зерня задзейнічана пяць адзінак тэхнікі, гэтага дастаткова, каб хутка даставіць ураджай на зернесушыльныя комплексы. Ураджайнасць пакуль радуе — звыш 50 ц/га. На 6 ліпеня ўбралі 40,8% плошчаў.

Шчырасць і пяшчота да зямлі — неад’емныя рысы характару хлебароба. Камбайнер Аляксандр Слабада гэта пацвердзіць.

Каб бяспечна працавалася на палетку, пастаянна дзяжурыць пажарная машына гаспадаркі: што называецца, самі сабе аказваюць паслугу. І немалую, бо высокая тэмпература паветра часам падносіць непрыемныя сюрпрызы для тэхнікі. Усе камбайны аснашчаны кандыцыянерамі: клопат аб чалавеку яшчэ ніхто не адмяняў. Людзі заняты важнай справай — робяць хлеб, які, вядома кожнаму, усяму галава.

Як жа прыемна пабываць на палетку падчас жніва, адчуць пах свежай саломы, на свае вочы бачыць, як сыплецца з бункера зерне новага ўраджаю. І неабавязкова быць непасрэдным удзельнікам уборкі, каб зразумець, што хлебароб — нават не прафесія, а больш прызванне.

Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка