Як бы складана ні было табе ў жыцці, заўсёды трэба памятаць, што чарада непрыемнасцей абавязкова зменіцца да лепшага, прыйдуць светлыя часіны. І галоўнае яшчэ тут — не раззлавацца на ўвесь белы свет, помніць, што некаму можа быць яшчэ цяжэй. А яшчэ лепш — пастарацца зрабіць гэты свет крышачку мякчэйшым у плане дабрыні і спагады. Трэба ўсведамляць, што ад кожнага з нас залежыць, у якім грамадстве мы будзем жыць: у варожасці ці ўзаемаразуменні.

Раней у раёнцы мы ўжо пісалі пра неацэнную дапамогу, якую аказалі сельгаставарыствы УАЗ «Сухопальская амбулаторыя агульнай практыкі». Тады пры падтрымцы трох гаспадарак быў набыты «ГАЗ 27527». Але ў нашым раёне гэта не адзіная ўстанова аховы здароўя, дзе патрэбна абнаўленне аўтапарка. У гэтую катэгорыю да нядаўняга часу трапляла і Кляпацкая амбулаторыя агульнай практыкі, працягласць участка якой складае 25 км з колькасцю насельніцтва 2460 чалавек. З іх можна вылучыць 627 людзей пажылога ўзросту і 403 дзіцяці. Улічваючы ўсё гэта, без тэхнікі складана паўнацэнна абслужыць усю тэрыторыю, 26 населеных пунктаў. Старое аўто больш прастойвала, чым вазіла пасажыраў. Па словах загадчыцы амбулаторыі Вольгі Шанюк, часам даводзілася круціць педалі веласіпеда для своечасовага аказання медыцынскай дапамогі. Хворым людзям усё роўна, як ты дабярэшся, а свае абавязкі медыцынскага работніка выконваць патрэбна.

І ў дадзенай непрыемнай сітуацыі зноў на дапамогу прыйшлі сельгаставарыствы раёна. Першым адгукнулася ААТ «Велікасельскае Агра», не засталіся абыякавымі «Жураўлінае» і «Агра-Калядзічы», тэрыторыю якіх часткова даводзіцца абслугоўваць Кляпацкай амбулаторыі. Работнікі дадзенай установы аховы здароўя і насельніцтва на іх падведамаснай тэрыторыі шчыра дзякуюць кіраўніцтву гэтых гаспадарак за разуменне і дапамогу.
І вось у Мінску, у аўтацэнтры «Лада», быў набыты аўтамабіль «Лада 2140», які прыгналі 20 ліпеня, а 9 жніўня паставілі на ўлік. Як расказаў Уладзімір Швед, які працуе вадзіцелем у амбулаторыі з 1985 года, цяпер вельмі зручна рэагаваць на выклікі хворых, адвозіць аналізы ва УАЗ «Пружанская ЦРБ». А яшчэ важным момантам Уладзімір называе наяўнасць у аўтамабілі паніжанай перадачы і падключаемага поўнага прывада. Бывае, што і дарогі зімой перамятае, ды і пасля моцнага дажджу на некаторых дарогах мясцовага значэння гэтыя функцыі не лішнія. Так што ў любым выпадку аказаная дапамога будзе дзейснай і для работнікаў установы аховы здароўя, і для насельніцтва таксама.

Вельмі, канечне, хацелася б, каб такі накірунак дапамогі не спыняў сваёй дынамікі, а стаў добрай традыцыяй.
Вадзім Раўнейка. Фота Уладзіслава Шпарлы