Свята Успення Прасвятой Багародзіцы — адно з 12-ці самых значных у праваслаўным царкоўным календары — адзначаюць сёння праваслаўныя хрысціяне. Малітвы і цудоўныя спевы ў гонар Божай Маці гучаць і ва ўсіх цэрквах Пружаншчыны.
Нямала прыхаджан сабралася ў храме іконы Божай Маці «Неспадзяваная радасць» у вёсцы Новыя Засімавічы. Прыходзілі і цэлымі сем’ямі, прыводзілі дзяцей, падыходзілі да плашчаніцы, запальвалі свечкі…
Літургія, якую правёў настаяцель іерэй Сергій Сысаляцін, кранала да глыбіні душы, а галасы пеўчых, кіруе якімі рэгент Наталля Данцова, нагадвалі пра спевы анёлаў.
Шмат вернікаў напярэдадні рыхтаваліся да свята, трымалі двухтыднёвы пост, а ў святочны дзень паспавядаліся і прычасціліся.
Па традыцыі ў гэты дзень асвячаюць кветкі і зёлкі, таму многія жанчыны трымалі ў руках яркія кампазіцыі, дзе хатнія астры і аксаміткі дапаўняліся дзікарослымі мятай, піжмай, святаяннікам, крываўнікам, хмелем, калінавымі гронкамі. Асвечаныя букеты ўвесь год захоўваюць як абярэг для дома і сям’і, а пры неабходнасці выкарыстоўваюць і ў рэцэптах народнай медыцыны.
А напрыканцы службы кожны з прысутных атрымаў у памяць пра свята іконку «Успенне Прасвятой Багародзіцы», на якой Ісус схіліўся над целам сваёй Маці і трымае ў руках яе душу ў выглядзе спавітага немаўляці.
—Згодна з паданнем, 28 жніўня па юліянскім календары цудоўным чынам у Іерусаліме сабраліся ўсе апосталы, каб развітацца з Божай Маці, чый зыход з жыцця зямнога быў прадказаны за тры дні да гэтага архангелам Гаўрыілам, — расказвае айцец Сергій. – Выявы апосталаў таксама ёсць на гэтай іконе. З аднаго боку, можа падацца: якое можа быць свята, калі размова ідзе пра смерць, зыход, смутак? Але ж слова «ўспенне» мае і іншы сэнс: «засыпанне», «сон». Багародзіца не памерла, а перайшла ў Свет Нябесны на трэці дзень пасля свайго скону. І менавіта гэтае ўваскрэшанне звычайнай жанчыны, якая не мела боскай сутнасці, дае вернікам спадзяванне на вечнае жыццё. І кветкі, што мы асвяцілі сёння, таксама з‘яўляюцца сімвалам жыцця.
Калі задумацца, то ўсё жыццё Марыі было подзвігам. Яна асэнсавана згадзілася стаць маці Сына Божага, ведала, якія пакуты чакаюць яе дзіця наперадзе. Яна пакорліва выканала волю Божую, а пасля смерці Ісуса стала апорай для апосталаў. І пасля свайго скону застаецца суцяшальніцай і заступніцай перад Богам для ўсіх, хто звяртаецца да яе. Маці Божая стала для хрысціян сімвалам духоўнасці, той высокай планкай, да якой павінен цягнуцца кожны з нас.
Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота аўтара
Многа фотаздымкаў — у альбомах па спасылках: https://vk.com/album-23306785_295909280 і https://ok.ru/budni/album/966834481544