Як жа школьнікі і студэнты чакаюць лета! Гэта ж, у першую чаргу, цудоўная магчымасць адпачыць, набрацца сіл да наступнага навучальнага года. Але не ўся моладзь нашай краіны прысвячае вольны час выключна адпачынку. Знаходзяцца юнакі і дзяўчаты, якія стараюцца спалучыць прыемнае з карысным. Размова, канечне, пра студэнцкія атрады.
Сутнасць іх усім знаёма. Хочаш падзарабіць грошай, магчыма, пазнаёміцца бліжэй з будучай прафесіяй, набыць новых сяброў — прыходзь, калі ласка, працаваць. Ёсць толькі адна ўмова: згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, за плячыма трэба мець поўных 14 гадоў.
Варыянтаў патэнцыяльнай работы нямала: маладыя людзі могуць уладкавацца ў будаўнічы атрад, працаваць у піянерскім лагеры, заняцца навядзеннем парадку на роднай зямлі ў складзе экалагічнага атрада, акрамя таго, у якасці малодшага медыцынскага персаналу можна працаваць ва ўстановах аховы здароўя, а сэрвісны атрад дасць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі праваднікоў на чыгуначным транспарце, падсобных рабочых у пунктах грамадскага харчавання дзіцячых аздараўленчых лагераў. І, канечне, куды ж мы без сельскай гаспадаркі?! Кожны год у летні перыяд запрашаюць моладзь на работу сельгаставарыствы раёна.
Заўсёды рады бачыць юнакоў і дзяўчат у ААТ «Ружаны-Агра». Сёлета жадаючых падзарабіць тут падчас канікулаў налічвалася 40 чалавек. Усіх, на жаль, працаўладкаваць не змаглі.
Чым жа займаюцца хлопцы і дзяўчаты ў гаспадарцы? Падчас уборкі збожжавых і зернебабовых працуюць на зернесушыльных комплексах. Паколькі работа вельмі адказная, даручаюць яе толькі тым, каму ўжо ёсць 16 гадоў. Акрамя таго, моладзь актыўна праводзіць відавую праполку збожжавых (у маладосць аўтара гэта называлася вырываннем каласкоў, ведаю, бо сам гэтым займаўся). Якраз такую работу выконвалі каля в. Варанілавічы пяць хлопцаў з Ружанскай школы. На палетку з азімым трыцікале «Гранада» юнакі выдалялі іншыя лішнія культурныя расліны: калі на полі расце трыцікале, то там не павінна быць, напрыклад, пшаніцы ці іншых збожжавых культур.
Як расказаў галоўны аграном ААТ «Ружаны-Агра» Ілья Юнаш, работа гэта вельмі важная, бо нельга дапусціць змешвання культур, калі хочаш атрымаць аднародны насенны матэрыял. Да ведама, у адным каласку налічваецца да 30 зярнятак, якія могуць трапіць у насенне.
Побач з падлеткамі пастаянна знаходзіцца нехта са спецыялістаў. У нашым выпадку разам з вучнямі працавала аграном-насеннявод Раіса Шапавал, якая аддала сельскай гаспадарцы без малога 40 гадоў. Працуюць хлопцы з 8.00 да 13.00 з перапынкамі на невялікі адпачынак кожную гадзіну. За дзень удаецца прапалоць у сярэднім 2,5 га. Працягласць змены — два тыдні. Аплата працы здзельная, кожны з юнакоў пры жаданні за дзень можа зарабіць 60 рублёў. Згадзіцеся, някепска!
Калі вы да гэтага часу не вызначыліся, чым сябе заняць у час канікулаў, калі ласка, запрашаем у студатрады. Тут знойдзецца карысная работа для вашых рук. А чаму б і не паспрабаваць?
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік