Среда, 21 февраля 2024

Фотафакт. Спецыялісты доследнай станцыі вырошчваюць сою

247

Радзіма бабовай культуры — землі Усходняй Азіі. У Кітаі выявы соі знайшлі на паверхнях розных прадметаў, знойдзеных пры раскопках. Гэта дазволіла сцвярджаць, што расліна знаёмая чалавецтву з трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. У ХІХ стагоддзі соя стала вядомая і еўрапейцам.

Так выглядае соевы палетак.

Соевыя бабы — рэкардсмены па ўтрыманні бялку, з іх вырабляюць многія прадукты, у тым ліку і раслінныя замяняльнікі ежы жывёльнага паходжання (мяса, малака). У пладах соі ўтрымліваюцца важныя вітаміны і мікраэлементы. А яшчэ дадзены від бабовых неабходны для сельскай гаспадаркі — у прыватнасці, для жывёлагадоўлі (у цяперашні час большасць соевых зярнят скормліваецца ў выглядзе соевага шроту, жамерын і экструдзіраванай соі).

Механізатар Сяргей Папко падчас уборкі соі.

Ужо не першы год вырошчваннем соі — увогуле, нехарактэрнай для нашых рэалій культуры — займаецца на Пружаншчыне РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі». І, як паказваюць штогадовыя вынікі працы ў гэтым напрамку, якасны бялок (а яго ў расліне — да 40 %) для сельскай гаспадаркі можна атрымаць і на нашых землях. Патрэбна вырошчваць культуру і ў сябе, тым больш што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ставіў задачу адыходзіць ад дарагога імпарту.

Ідзе ўборка соі.

Аднак жа непапулярнасць вырошчвання соі таксама можна растлумачыць. Каб яе пасеяць, патрэбна ўрэзаць плошчы пад другія культуры, ды і глеба абы-якая не падыдзе — толькі дзярнова-падзолістая, сугліністая, здольная ўтрымліваць вільгаць.

У бягучым годзе пад гэтую культуру на доследнай станцыі было выдзелена 12,5 га. Для сяўбы былі ўзяты тры сарты соі: «славянка» селекцыі самой установы, «пушчанская» інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі і ўжо правераны часам «арэса» прыватнай кампаніі «Соя-Поўнач Ка». Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віктар Халецкі расказаў, што сёлетні ўраджай парадаваў — 20 ц/га. Калі ўзяць, што рэнтабельным вырошчванне соі з’яўляецца пры ўраджайнасці ад 13 ц/га, то выходзіць, што ў гэтым годзе культура эканамічна выгадная.

А вось так выглядае ўраджай з соевага палетку.

Плошча пад сою была падзелена на два ўчасткі: асноўны вытворчы — па атрыманні высакаякаснага насення культуры і дадатковы (20 сотак) — на дзялянкі пад палявыя доследы па вывучэнні некаранёвых падкормак рэгулятарамі росту. Кожная дзялянка ўбіралася селекцыйным камбайнам «WINTERSTEIGER» аўстрыйскай вытворчасці асобна ў мяшкі, з якіх потым у лабараторыі доследнай станцыі бяруцца пробы на бялок і алей. Гэта дае магчымасць выбраць той сорт соі, які лепш падыходзіць для вырошчвання ў нашых кліматычных умовах.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віктар Халецкі ў пакоі азалення раслін біяхімлабараторыі расказвае аб аналізах, якія праводзяцца ў дачыненні да соі.

Што да рынку збыту гэтай культуры, то да нядаўняга часу адзіным пакупніком насення соі было ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна, адно з буйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі. Сёлета сітуацыя памянялася. Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, пабываўшы на палетку з сояй, даў даручэнне захаваць большасць ураджаю для свайго рэгіёна. А што, сланечнік пачынаем сеяць, чаму б не паспрабаваць і з сояй? Як кажуць, за папытанне ў нос не б’юць. Дарэчы, сёлетняга ўраджаю можа хапіць на засяванне 120 га.

Ніколі не трэба баяцца рабіць крок у нязведанае, бо, не паспрабаваўшы, не будзеш ведаць напэўна, што ў выніку магло б атрымацца. Канечне, не ўсё і не адразу. Але каму зараз лёгка?

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік