Суббота, 19 апреля 2025

Фотафакт. Самім не прыкра?

568

Пытанні збору цвёрдых бытавых адыходаў, іх утылізацыя – праблема не толькі наша, а і сусветная.

Але ў гэтым невялічкім матэрыяле мы не будзем закранаць глабальную праблему. Пачнём з малай. Як можна жыць у чысціні і парадку, каб не засмечваць сваё жыццё і жыццё навакольных, нават проста прахожых? Пытанне носіць прамы, не філасофскі сэнс.

У раёне вуліцы 8 Сакавіка, каля гаражнага кааператыва, стаяць кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адыходаў. Ёмістасці новыя, акуратныя, амаль пустыя. Але каля іх, за імі, побач з імі столькі ўсяго навалена — і не пералічыць: пенапласт, пустазелле з агародных участкаў, якія размешчаны праз дарогу, нават пакеты з акуратна сабранымі адыходамі. Але чаму не ў кантэйнерах? Паспрабуем здагадацца. Відаць самі ёмістасці былі перапоўнены смеццем з агароду, не было куды класці? А можа адыгралі ролю абыякавасць да парадку? Маўляў, з жылля вынес, а там – не маё. Абы у мяне было чыста…

Можна вінаваціць каммунальную службу, якая не так хутка апаржняе кантэйнеры ЦБА. Але ёсць распарадак вывазу. Можа, трэба самім спажыўцам, жыхарам навакольных дамоў, карыстальнікам зямельных надзелаў паклапаціцца пра парадак на гэтым пункце па збору ЦБА? Зараз, каб усе гэтыя навалы прыбраць, патрабуецца выезд брыгады. Смеццевая ж горка між тым расце.

Не ўпрыгожвае гэтае месца таксама і немаленькая лужына. Не сумняваюся, што ў непагадзь яна павялічваецца ў памерах. Зараз на многіх вуліцах горада, на праезжых частках, здымаецца стары асфальт, на яго месца кладзецца новы. Можа, рэшткамі старога засыпаць гэтую лужыну, утрамбаваць, выраўняць паверхню? Здаецца, гэта выйсце.

Падводзячы вынік нашага невялікага фотафакта безгаспадарчасці, можна сказаць, што ўсім трэба клапаціцца пра чысціню і парадак вакол сябе. Толькі так зможам дабіцца гармоніі і знутры і звонку.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара