Воскресенье, 20 апреля 2025

Фотафакт. Работнікі ДРБУ-140 рамантуюць дарогу паміж Кабылаўкай і Комлішчам

179

— Днямі паехала на дачу ў Комлішча. І была прыемна здзіўлена: на пад’ездзе да вёскі замест ранейшай гравійкі — гладкае асфальтабетоннае пакрыццё. Ехаць было адно задавальненне! Каму ж дзякаваць за гэта? І што яшчэ для добраўпарадкавання будзе зроблена тут?

Марыя Мікалаеўна.

На пытанні нашай падпісчыцы адказаў галоўны інжынер ДРБУ-140 Аляксандр Трус:

— Рамонт аўтадарогі паміж аграгарадком Кабылаўка і вёскай Комлішча — справа рук дарожнікаў нашага прадпрыемства. Добраўпарадкаванне гэтага ўчастка дарогі мясцовага значэння праводзіцца згодна з адпаведнай праграмай работ на сёлета, зацверджанай Брэсцкім аблвыканкамам. Сродкі на будаўніцтва дарогі выдзелены з абласнога бюджэту.

Працягласць участка, які мы рамантуем, складае 852 м. Раней тут сапраўды была дарога з гравійным пакрыццём. Цяпер на ўчастку з’явіўся ўдасканалены асфальтабетон. Умацоўваюцца і абочыны: для гэтага выкарыстоўваем шчэбеневую пясчана-гравійную сумесь. Зразумела, тут будуць устаноўлены дарожныя знакі, з’явіцца разметка. Завяршэнне работ плануецца ў гэтым месяцы.

АД РЭДАКЦЫІ. Аляксандр Трус паведаміў таксама, што работнікі іх дарожнай службы ўжо завяршылі работы на пад’ездзе да вёскі Гарадзечна (ад аўтадарогі Слонім—Высокае): там таксама ўкладзена ўдасканаленае асфальтабетоннае пакрыццё.

Працуюць дарожнікі ДРБУ-140 і на ўчастку паміж вёскамі Вялікае Сяло і Ялова. Асфальтабетон будуць класці і тут, праўда, па ўжо зношаным такім жа пакрыцці.

Падрыхтавала Вольга Басак. Фота чытачкі