Падведзены вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый.
Калі мы разам з начальнікамі аддзелаў райвыканкама: архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва камунальнай гааспадаркі Аляксандрам Бушуком, культуры Канстанцінам Панімашам — аб’язджалі заяўленыя на конкурс аб’екты, то я і ўявіць сабе не мог, што ўбачу столькі светлавой прыгажосці.
Асабліва ўразіла афармленне адміністрацыйных будынкаў і тэрыторый ля іх ААТ «Ружаны-Агра», Мокраўскага сельвыканкама, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Пружанскі льнозавод»… Нават складана пералічыць усіх, хто здолеў здзівіць у сёлетнім годзе. Асабліва было прыемна бачыць малыя архітэктурныя формы, зробленыя сваімі рукамі. Яны таксама зіхацелі гірляндамі.
Доўга можна расказваць пра тэрыторыю санаторыя «Ружанскі». Тут столькі цікавых выдумак пераўтварылі ў рэальнасць аўтары святочных упрыгожванняў, што не перадаць словамі, трэба ўсё гэтае хараство бачыць.
Асобна варта сказаць пра канкурсантаў у намінацыі «Лепшая прысядзібная тэрыторыя аднакватэрнага (блакаванага) жылога дома (жылога памяшкання ў блакаваным жылым доме)». Заяўкі падалі толькі Валерый Прышла з г.п. Шарашэва і Аляксандр Бушко з аграгарадка Сухопаль. На сваіх падворках гэтыя цудоўныя і творчыя людзі зрабілі цэлую казку з малых формаў і агеньчыкаў. Але ўсё ж сухопальскі гаспадар крышачку апярэдзіў шарашэўскага сваёй фантазіяй і выдумкай. Ён і заняў першае месца, а яго візаві стаў другім.
Што тычыцца вынікаў конкурсу сярод прадпрыемстваў і арганізацый, то, згодна з рашэннем Пружанскага райвыканкама ад 27 снежня 2022 года, пераможцамі прызнаны:
- у намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны»: ААТ «Ружаны-Агра» — 1 месца, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» — 2 месца, ААТ «Мурава» — 3 месца;
- у намінацыі «Лепшае аддзяленне банка, лепшая арганізацыя прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, энергетыкі, гандлю і сферы паслуг, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі»: ААТ «Санаторый «Ружанскі» — 1 месца, ААТ «Пружанскі малочны камбінат» — 2 месца, ААТ «Пружанскі льнозавод» — 3 месца;
- у намінацыі «Лепшая ўстанова сацыяльнай сферы, лепшы дзяржаўны орган»: дзіцячы садок № 3 г. Пружаны — 1 месца, дзіцячы садок № 5 г. Пружаны — 2 месца, Мокраўскі сельскі выканаўчы камітэт — 3 месца.
Кожны з пераможцаў атрымаў грашовую прэмію згодна з занятым месцам.
Спадзяёмся, што ў будучым заяўнікаў на першынство будзе больш. Але адзначу, што ў гэтым годзе ззянне Пружан і некаторых населеных пунктаў раёна, думаю, можна было назіраць і з арбітальнай касмічнай станцыі. Шкада, што ненадоўга.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара