Шпацыруючы па вечаровым горадзе, я назірала за зіхаценнем разнастайных гірляндаў, натхнялася навагодняй ілюмінацыяй. А калі завярнула на Камсамольскую вуліцу… Сказаць, што прыемна ўразілася — не сказаць нічога, а парадаваў мяне будынак Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Пружаны.

У кожным акне гісторыка-культурнай каштоўнасці па вуліцы Камсамольскай можна пабачыць ёлкі, якія рыхтаваліся школьнікамі раёна на навагоднія конкурсы. Работы пераможцаў конкурсаў «Тэхнаёлка», «Калядная зорка» адправіліся ў Брэст, а ў Пружанах засталіся творы, адзначаныя на раённым узроўні.
Арка, зробленая ў насычаных ружовых колерах, стала цудоўнай фотазонай насупраць увахода ў будынак. Таксама ўвагу прыцягваюць вокны, аздобленыя выцінанкамі. Не пагаджуся з тымі, хто скажа, што сняжынкі ўжо стандартная гісторыя. Вы паспрабуйце так філігранна авалодаць нажніцамі, каб са звычайнага аркуша паперы нарадзіліся творы мастацтва.
А яшчэ абавязкова завітайце ўнутр. Паміж першым і другім паверхам пабачыце выяву Дзеда Мароза з падарункамі, выставу ялінак і прыгожы камін, які таксама добра бачны з вуліцы. Выклікае прыхільнасць разуменне, што ўсё гэта зроблена з душою.

Хто стаіць за такой прыгажосцю? Як паведамілі ў цэнтры творчасці, адзіная канцэпцыя нарадзілася ў дырэктара ўстановы Алены Пухнарэвіч, а вось ужо рэалізоўвалася ідэя калектыўна. Усе педагогі дадатковай адукацыі не засталіся ўбаку і прынялі ўдзел у стварэнні святочнай атмасферы.
Адзначу, што ў горадзе сапраўды вялікая колькасць класных і крэатыўных месцаў, падрыхтаваных рознымі прадпрыемствамі, таму заклікаем не сядзець дома, а атрымліваць асалоду ад прыгажосці. Шчыра раім пачаць з наведвання ЦТДМ.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік