«Што ў Пружанах з мастамі?» Яшчэ вясной у «раёнцы» быў апублікаваны матэрыял пад такім загалоўкам, прысвечаны сітуацыі з разбурэннем адразу двух мастоў праз гарадскія рэчкі. Дакладней, больш увагі звярталася не на стан інжынерных канструкцый, а на шум, які ўзнялі «грамадскія дзеячы». Усё таму, што мясцовыя ўлады «раўнадушна ставяцца да бяспекі людзей». У артыкуле давалася дакладная інфармацыя пра запланаваныя работы і тэрміны іх правядзення. У праўдзівасці фактаў кожны гараджанін ужо пераканаўся.

Напрыклад, у першыя дні лета быў здадзены ў эксплуатацыю пешаходны мост на вуліцы Пушкінскай. Да аднаўлення аналагічнай інжынернай канструкцыі праз раку Бабу па вул. Кастрычніцкай камунальшчыкі прыступілі пазней. Аднак і там работы былі выкананы ў сціслыя тэрміны. Як расказвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела КУВП «Камунальнік» Галіна Гардзей, праведзены дэмантаж і ўладкаванне новага пешаходнага моста. Заменены жалезабетонныя перакрыцці, выканана асфальтаванне, а былыя металічныя агароджы нанава пафарбаваны. На гэтыя мэты з мясцовага бюджэту было выдаткавана 16 тысяч рублёў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік