Зіма падкралася нечакана, ды яшчэ і ў першыя дні снегам замяла, заваліла. Выпаўшаму снегу радаваліся дзеці і рамантычныя людзі, якія лічаць, што ў прыроды няма дрэннага надвор‘я. Цяжка было камунальным, дарожным службам, людзям пажылога ўзросту…
Калі чэсна, то хіба гэта снег? Вось у маім дзяцінстве было снегу! Такія гурбы намятала — на адзін узровень з дахам дома, а на беразе рэчкі мы рылі пячоры з доўгімі калідорамі. А ў цяперашні час вялікі снегапад добра калі раз за зіму пройдзе, а то і зусім не дачакаешся. Відаць, таму і службы нашы крыху «расхалоджваюцца».
Цыклон, які накрыў Беларусь, Пружанскі раён закрануў толькі хвастом, а можа нават адным пёркам. Значнага снегападу ў нас не было. Камунальная і дарожныя службы спрацавалі даволі аператыўна, але пэўныя нязручнасці жыхары горада і некаторых сельскіх населеных пунктаў усё ж адчулі. Як паведамілі рэдакцыі нашы чытачы, са снегавымі заносамі каля пад’ездаў стараліся спраўляцца самі жыхары, а пешаходныя тратуары і вуліцы чысцілі службы.
Ды, як аказалася, не зусім ахайна. Напрыклад, прачышчаючы дарогі, не звярталі ўвагу на пешаходныя пераходы, якія перакрываліся гурбамі снегу. У нядзелю так і было. Каб перайсці на другі бок дарогі, трэба было пераадольваць вялізны сумёт. Ну, не ходзяць нашы людзі ў магазін з лапатай.
Не менш праблематычнымі сталі так званыя парковачныя кішэні. Машыну прыпаркавалі, а каб трапіць у аптэку, оптыку ці Беларусбанк, трэба зноў браць снегавую перашкоду. Усё гэта можна было назіраць на вуліцы Кастрычніцкай, але падобныя праблемы існавалі і ў іншых кропках горада. Як паведамлялі гараджане, былі дарогі, на якіх ачышчальная тэхніка і носу не казала…
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік