З гэтай маладой настаўніцай рускай мовы і літаратуры Шчарчоўскага ВПК я знаёма з тых часоў, калі яна, яшчэ будучы школьніцай, наведвала нядзельную школу пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы. Вясёлая, прыветлівая і выхаваная дзяўчынка ўражвала настаўнікаў сваёю дасціпнасцю і імкненнем як мага больш даведацца пра гэты і вышэйшы свет. Ужо тады было зразумела, што перад намі – неардынарная асоба, якую чакае цікавая будучыня. Так і атрымалася.
Прайшлі гады — і ў 2019 годзе адбылася новая сустрэча з ёю, ужо на працоўным месцы. Памятаю, дырэктар Шчарчоўскага ВПК Любоў Чарнак тады не шкадавала слоў, каб пахваліць маладую настаўніцу:
— Нашу Марыю Васільеўну паважаюць не толькі калегі, сярод якіх яна ўжо зарэкамендавала сябе найлепшым чынам, але і вучні, і іх бацькі. Педагогіка — яе прызванне…
Меркаванне кіраўніка шчарчоўскай адукацыйнай установы з цягам часу не змянілася, дзяўчына апраўдала ўсе ўскладзеныя на яе надзеі. Больш за тое, паспяхова скончыла магістратуру па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства». І сёння яна — адна з лепшых настаўнікаў раёна ў сваёй сферы.
Марыя Бугаева працягвае ўражваць дырэктара і сваіх калег арыгінальнымі метадычнымі распрацоўкамі і прыёмамі. Нават яе працоўнае месца вылучаецца на фоне іншых кабінетаў, у якіх нам давялося пабываць. Пераступаеш парог — і трапляеш у цікавы, пазнавальны, добры, мудры і дакладна не занудны свет рускай і сусветнай літаратуры.
Мімаволі зайздросціш вучням: на ўроках літаратуры ім не даводзіцца сумаваць. То вершатвораць, то сачыненні пішуць, у якіх смела выказваюць свае думкі, паколькі ведаюць, што гэтай настаўніцы трэба менавіта жывая думка, а не спісаная-перапісаная «крытыка».
Калі вучні стамляюцца ці ім становіцца цяжка на душы, бывае і такое, Марыя Васільеўна нібы прафесійны псіхолаг праводзіць для іх хвіліны «рэлаксу»: лечыць добрым словам, душэўным цяплом, увагай і… папяровымі сувенірчыкамі. Школьнікі з задавальненнем запаўняюць так званыя «лісты ўласнага поспеху» і арфаграфічныя размалёўкі, на асобным стэндзе пакідаюць свае заўвагі і прапановы, разам фармулююць «класныя правілы».
А самае галоўнае — лепшыя з лепшых выхаванцаў пад чулым кіраўніцтвам маладой настаўніцы штогод рыхтуюцца да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе даследчых работ і трапляюць у лік пераможцаў не толькі на абласным, а нават на рэспубліканскім узроўні. Вось і сёлета па выніках абласной канферэнцыі даследаванняў настаўніца і яе вучаніца Варвара Хадыніцкая занялі другое месца. А брат Варвары Іван нават стаў пераможцам міжнароднага Пушкінскага фестывалю, які ладзіў Рускі цэнтр Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Журы вылучыла яго эсэ «Невядомы вядомы Пушкін», адзначыўшы экстраардынарны падыход да раскрыцця тэмы.
Адметна, што рэгулярна друкуюцца ў навуковых выданнях і часопісах і ўласныя даследаванні Марыі Бугаевай.
У чым сакрэт такога поспеху? Па ўласным прызнанні дзяўчыны, у любові да дзяцей, да сваёй справы, увогуле да самых прыгожых з’яў свету, у гонар якіх яна гатова вершы пісаць. А вершы ў яе, шчыра кажучы, асаблівыя. Марыя заняла трэцяе месца ў Рэспубліканскім конкурсе маладых паэтаў «Мы народжаны для натхнення». Акрамя таго стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці «Аўтограф». Яе творы публікуюцца ў розных абласных літаратурных выданнях. А напачатку мая выйдзе зборнік вершаў «Renaissance. РеНЕссанс».
Марыя Бугаева аддае перавагу эксперыментальнай паэзіі. Крэатыўна думаць у свой час яе навучыла класны кіраўнік і настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Вайцяховіч.
— Вядома, сваю ролю адыграў і ўніверсітэт, у прыватнасці мой навуковы кіраўнік — кандыдат філалагічных навук Людміла Міхайлаўна Садко. Каб не яны, то, магчыма, я б не стала тым, кім стала. Вельмі важна з удзячнасцю прымаць веды ад настаўнікаў, а затым, не шкадуючы, дзяліцца імі ўжо са сваімі вучнямі. Вось вам і формула поспеху.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік