Пятніца мінулага тыдня стала насычанай на мерапрыемствы па захаванні гістарычнай спадчыны.

У той жа дзень, калі на тэрыторыі Ружанскага палаца працавала калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» таксама адбылася значная для нашага раёна падзея. Старшыня Папячыцельскага савета Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксандр Зайцаў прывёз у падарунак музею рарытэтную рэч, якая некалі знаходзілася ў асабістым карыстанні былога гаспадара сядзібы Валенція Швыкоўскага.

У зале прыёмаў гучала музыка часоў Швыкоўскага. Здавалася, вось-вось — і выйдзе сам гаспадар у парадным мундзіры. Атмасфера насамрэч была даволі незвычайная.

Дырэктар музея Ангеліна Маруфенка адкрыла ўрачыстасць, пазнаёміла з гісторыяй палацыка, падрабязнасцямі яго рэстаўрацыі, затым перадала слова старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Закранаючы тэму значнасці захавання гісторыка-культурнай спадчыны, Міхаіл Міхайлавіч падкрэсліў, што Пружанскі палацык сапраўды стаў адной з культурных жамчужын нашага раёна, і выказаў удзячнасць усім тым, хто захаваў, змог аднавіць гэтую каштоўнасць. Каб далей сядзіба прыносіла радасць не толькі пружанцам, але і турыстам, якія будуць сюды прыязджаць, трэба ўкладваць сродкі на падтрымку і неабходны рамонт будынка. Грошы для гэтага шкадаваць не варта.
Затым увагу прысутных прыцягнуў, не пабаюся гэтага слова, мецэнат Аляксандр Зайцаў, які расказаў гісторыю знаходкі прывезенага ў палацык рарытэта — пячаткі кіраўніка дваранства Пружанскага павета, якая некалі належала Валенцію Швыкоўскаму. Гэты сімвал улады ў прыгожым футарале разам з музейным апісаннем Аляксандр Мікалаевіч урачыста ўручыў Ангеліне Юр’еўне.

Дарэчы, да гэтага часу іншых асабістых рэчаў Швыкоўскага ў фондзе музея не захоўвалася.
Не пакрыўлю душой, калі скажу, што цікавасць да наведвання музея ў саміх пружанцаў і шматлікіх гасцей горада цяпер яшчэ больш павялічыцца. Калі ласка, тут вам будуць рады!
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/949645680264