22 лютага Яўгену Галякевічу споўнілася 90 год! Гэты чалавек з маладосці спяшаўся пакінуць добры след на зямлі, клапаціўся аб знаёмых і незнаёмых людзях, назапашваў добрыя справы. Яўген Ціханавіч бездакорна кіраваўся сваімі жыццёвымі прынцыпамі і не здрадзіў сваёй годнасці.
На чым грунтуецца такая характарыстыка? На аповедах, водгуках пра гэтага вядомага ў горадзе педагога, якія давялося чуць ад тых, з кім ён меў зносіны. У тым ліку — ад яго былых вучняў, якія і нагадалі нам пра юбілей свайго любімага настаўніка фізікі.
Настаўніцкі шлях
Яўген Галякевіч упершыню пераступіў парог школы ў якасці настаўніка, калі вучыўся на трэцім курсе фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута. Яшчэ «зялёнага» студэнта запрасілі ў вячэрнюю школу чыгуначнікаў.
— Прыйшоў у клас, а там сядзяць дзядзькі па 40-50 гадоў, у бацькі мне прыдатныя… Цікавы быў час. Я адпрацаваў у вячэрняй школе два гады, прапаноўвалі застацца, але мне хацелася на вёску, далей ад гарадскога шуму, — кажа Яўген Ціханавіч.
Так і атрымалася: па размеркаванні малады чалавек трапіў на родную Іванаўшчыну, дзе працаваў у Дастоеўскай школе.
У Пружанскім раёне Яўген Ціханавіч жыве з 1958 года. У розныя часы вучыў дзетак у вёсках Брады, Круглае, Лазоўка. Зараз тых школ, на жаль, няма. Праз пэўны час перабраўся ў Пружаны, працаваў у школе-інтэрнаце (цяпер СШ №4), пра якую захаваліся вельмі цёплыя ўспаміны.
— Дырэктарам школы-інтэрната быў Васіль Максімавіч Зелянькевіч — паважаны чалавек, легендарны педагог. Ён здолеў сфарміраваць вельмі дружны калектыў вучняў і настаўнікаў. Дзякуючы яго намаганням, дзеці з цяжкім лёсам адчувалі бацькоўскую апеку, жылі ў камфортнай атмасферы, — расказвае Яўген Галякевіч.
Настаўнікі школы-інтэрната шмат часу праводзілі разам з вучнямі, ладзілі розныя мерапрыемствы, паходы, экскурсіі — словам, рабілі ўсё дзеля насычанага і цікавага жыцця сваіх падапечных.
Пасля дзевяці гадоў адданай працы ў школе-інтэрнаце Яўген Ціханавіч перайшоў у СШ №1, дзе 20 год працаваў намеснікам дырэктара. Расказвае, што гэты перыяд жыцця быў асабліва багаты на творчую дзейнасць. За грунтоўную ваенна-патрыятычную работу ўстанове адукацыі было прысвоена званне імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.
— У школе было добра наладжана патрыятычнае выхаванне. Арганізоўвалі экскурсіі па месцах баёў, якія адбыліся падчас аперацыі «Баграціён», наведвалі гарады-героі. Таксама традыцыйна ўсіх выпускнікоў вазілі ў Ленінград. Частымі гасцямі нашай школы былі афіцэры са Слабудкі, дзе базіравалася ваенная часць, — кажа педагог.
Свой працоўны шлях Яўген Галякевіч завяршыў у СШ №5, на той момант — гімназіі.
— Калі гэтая ўстанова адукацыі рыхтавалася да адкрыцця, трэба было наладзіць вучэбны працэс, і мяне папрасілі дапамагчы ў гэтым. Не так проста «запусціць» школу ў першы раз: прыняць вучняў, размеркаваць па кабінетах, скласці расклад заняткаў, — успамінае былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Увогуле Яўген Ціханавіч аддаў адзнакам, журналам, дзённікам, а галоўнае — дзецям 40 год свайго жыцця. І дагэтуль стараецца падтрымліваць былыя сувязі з калегамі. З задавальненнем сустракаюцца са сваім любімым настаўнікам фізікі і колішнія гарэзы, якія сталі паважанымі людзьмі. Гэтыя сустрэчы, утульныя, сяброўскія, быццам сціраюць мінулыя гады.
— Летась я адпачываў у Дзяржынскім раёне на лецішчы ў дачкі Алены. Раптам тэлефонны званок: «Другі выпуск школы-інтэрната прыедзе да Вас у госці». І тут знайшлі! — смяецца Яўген Ціханавіч. — З’ехаліся з розных кропак свету: з Мінска, Брэста, нават Ізраіля. Прыемная сустрэча адбылася. Чаму да гэтага часу ў людзей захавалася патрэба ў падобных зносінах? Напэўна, памятаюць, як ім было добра…
Увесь час у руху быць…
Часта фізікаў уяўляюць людзьмі сухімі, з прагматычнымі поглядамі на жыццё, але насамрэч Яўген Галякевіч — лірык па натуры, неверагодна клапатлівы, чулы тата і дзядуля, апора і гонар якога — дзве дачкі, дзве ўнучкі і праўнучка. Ён часта чытаў дочкам вершы перад сном. Увогуле, дзяўчынкі з маленства былі акружаны кнігамі, з дзяцінства добра ўсвядомілі каштоўнасць ведаў. І не толькі.
Адметна, што ў Яўгена Ціханавіча заўсёды была трывалая сувязь з прыродай. Асаблівую моц адчувае ў дрэвах, вельмі любіць бярозы, якія высаджваў падчас працы ў розных установах адукацыі.
— Калі мы ездзілі на малую радзіму таты, ён клаўся пад дрэвы, заплюшчваў вочы і пэўны час адпачываў, браў у рукі глебу і набіраўся моцы. Казаў: «Панюхайце, як пахне зямля родная». Прывіваў павагу да Бацькаўшчыны, хацеў, каб пачуццё яднання з Айчынай перадалося і нам, — расказвае Таццяна Дубейка, дачка Яўгена Ціханавіча.
— Мне вельмі пашанцавала, што менавіта ён мой бацька. Калі я апынаюся на ростанях, а на сэрцы бязлітасна скрабуць кошкі, адразу звяртаюся да таты — і ўсе душэўныя пакуты раствараюцца, праблемы вырашаюцца натуральна, проста. Пасля размовы з ім — быццам з крыніцы вады напілася.
Як магніт, прыцягваў да сябе Яўген Ціханавіч і сваіх вучняў.
— Ён упускаў дзяцей у сваё сэрца. Збіраў іх у паходы, арганізоўваў адпачынак, выхоўваў і клапаціўся, быў для хлопчыкаў і дзяўчынак больш, чым проста выкладчыкам пэўнай дысцыпліны, — амаль сапраўдным бацькам… — расказвае Таццяна Яўгенаўна.
Напэўна, ён і не мог інакш, бо па натуры сваёй чалавек неабыякавы, думаў не толькі пра сябе.
— Тата заўсёды меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, і прыкладаў яе праяўлення захавалася нямала, — кажа дачка. — Прыемна ісці па горадзе і ўзгадваць, што, напрыклад, дзякуючы яго намаганням, каля Палаца культуры з’явіўся прыпынак з лавачкай.
Канечне, сёння жыццё Яўгена Галякевіча не настолькі насычанае, як гэта было ў маладыя гады. Але і ў свае дзевяноста ён застаецца ўсё такім жа пазітыўным, светлым, нераўнадушным, якім быў заўсёды.
Хаця, як прызнаецца сам, часам бывае журботна і сумна, бо амаль не засталося равеснікаў. Але тут жа ўсміхаецца і кажа, што не паглыбіцца ў смутак дапамагае сяброўка-суседка. Пры сустрэчы сталыя людзі часам гуляюць у шашкі, бо, як падкрэсліў Яўген Ціханавіч, трэба, каб галава працавала, важна папярэдзіць застой.
— Часам думаю: як я дасягнуў такога паважанага ўзросту? Але адказ на паверхні. Я заўсёды жыў у спрыяльным асяроддзі і, канечне, шмат працаваў. Займаўся гаспадаркай дома і на прышкольнай тэрыторыі, даглядаў агарод, сад. Пабудаваў сваімі рукамі дом для дачкі Таццяны. Карацей кажучы, увесь час быў у руху, — зазначае былы настаўнік.
Ніколі не даваў расслабіцца ён і свайму розуму — цікавіўся палітыкай, літаратурай, гісторыяй, што пацвярджае буйная асабістая бібліятэка.
— Калі я вучыўся, не было магчымасці спатоліць прагу да ведаў аб роднай зямлі. Нам не расказвалі, хто такі Міндоўг, Ягайла, Кастусь Каліноўскі… Прабелы ў веданні гісторыі давялося ліквідаваць самастойна, і значна пазней, асабліва пасля выхаду на пенсію, — дзеліцца суразмоўца, які пакарыў мяне яшчэ і тым, што гутарыў са мной… на беларускай мове.
Не цурайцеся роднай мовы!
Для мяне сустрэча з беларускамоўным Яўгенам Ціханавічам, якая адбылася яшчэ напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца па ўсім свеце 21 лютага, стала сапраўдным падарункам.
Яўген Галякевіч зразумеў важнасць моўнага пытання ў перыяд перабудовы, тады пачаў выпісваць газеты, кнігі на беларускай.
— Я цудоўна памятаю часы, калі на вуліцах нашага горада гучала беларуская мова. Дарэчы, і пятая школа на заранку свайго існавання была беларускамоўнай. Калі б яна засталася такой да цяперашняга моманту, дзеці ведалі б матчына слова, — перакананы настаўнік. — Мы страцілі вельмі шмат часу, але хочацца верыць, што наша мова не трапіць у стан мёртвых. Каб пазбегнуць гэтага, трэба як мага хутчэй рабіць крокі да вяртання беларускай мовы ў агульны ўжытак.
Яўген Ціханавіч падчас гутаркі задаваўся пытаннямі, чаму зараз у горадзе няма беларускамоўных садкоў, школ, чаму так мала вуліц, названых у гонар нашых гістарычных асоб, пісьменнікаў, кім станем мы, беларусы, без роднай мовы…
Гэтыя пытанні насамрэч не рытарычныя, задаваць іх вельмі важна. Усё ж такі мова з’яўляецца грунтоўным падмуркам дзяржаўнага суверэнітэту, асаблівасцю, што адрознівае нас ад іншых супольнасцяў. Крыўдна, што большасць людзей аб гэтым проста не задумваецца. Між іншым, відавочны пастулат: няма мовы — няма народа!
— Беларуская нацыя, сама таго не заўважаючы, апынулася ў даволі складаных умовах. Не аднойчы, карыстаючыся ў зносінах роднай мовай, я сутыкаўся з непаразуменнем людзей і нават з агрэсіяй, — кажа Яўген Галякевіч. — У канфліктных выпадках стараюся адыходзіць, не псаваць нервы. Калі бачу, што суразмоўца зусім не разумее або па нейкіх іншых прычынах не жадае ўспрымаць мяне, пераходжу на рускую, не марную сілы, даказваючы сваю правату. Але з аднадумцамі я заўсёды карыстаюся роднай мовай — і душа пяе, адпачывае.
Яўген Ціханавіч перакананы: трэба абавязкова ведаць уласную гісторыю, шанаваць спадчыну, чытаць беларускія кнігі, старацца размаўляць на роднай мове і не цурацца яе.
— Сваё стаўце ў прыярытэт, не прыніжайце здабыткаў мінулых пакаленняў…
Уважліва слухаючы настаўніка фізікі, звярнула ўвагу на «Беларускі кнігазбор», які пазіраў на мяне з паліц чулліва і крыху з дакорам, вымушаючы, напэўна, ці не ў соты раз задаць сабе пытанне: «І чаго ты маўчыш па-беларуску?..»
Асабістае знаёмства з Яўгенам Галякевічам пакінула ў маёй душы глыбокі след. Шчыра кажучы, нават не чакала такога цёплага прыёму і настолькі душэўнай размовы… Аднак цяпер магу сказаць: мне вельмі пашанцавала трапіць у госці да такой значнай асобы, выключнага суразмоўцы. Дзякуй Вам, Яўген Ціханавіч, за гэты багацейшы вопыт зносінаў!
І асобны дзякуй за тое, што кранальна ставіцеся да матчынага слова, беражліва захоўваеце родную мову. Ваш прыклад натхняе і надае ўпэўненасці, што наша спадчына, а з ёй і годнасць нашых продкаў будуць жыць!
Юлія Янушка. Фота аўтара