На мінулым тыдні ў Пружанах адкрылася сувенірная крама. Яна размясцілася ў цэнтры горада, у адным з памяшканняў нашых знакамітых Белых лавак, з боку вул. Савецкай. У яе адкрыцці прымаў удзел намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Руслан Васільевіч падкрэсліў значнасць падзеі і адзначыў: «Гэта важны момант для нашага горада, які чакалі гараджане, а таксама майстры, рамеснікі, у якіх зараз з’яўляецца магчымасць прапанаваць і рэалізаваць свае работы. Вельмі спадзяюся, што крама будзе карыстацца папулярнасцю і ў мясцовых жыхароў, і ў турыстаў».

Ва ўрачыстай абстаноўцы была перарэзана чырвоная стужка, што азначала афіцыйнае адкрыццё крамы. Прысутныя паспяшаліся зірнуць на тавары, прапанаваныя для рэалізацыі, і, варта сказаць, не расчараваліся…

У сувенірнай лаўцы аказалася шмат цікавых і эксклюзіўных рэчаў. Цяпер тут можна набыць кепкі, майкі, кружкі, пакеты, магніты, паштоўкі, распрацаваныя з нагоды святкавання 590-годдзя нашага горада.

Ёсць і наборы шакаладак з адпаведнай сімволікай і шмат іншага. У хуткім часе былі зроблены і першыя пакупкі.

Майстар-клас па маляванні паказала народны майстар Марыя Кулецкая, работы якой таксама прадстаўлены ў краме.
— Роспісам па шкле я пачала цікавіцца з самага ранняга дзяцінства. У вёсцы дзе я жыла, у хатах, на шкле бачыла цудоўныя карцінкі. На той момант я была малая, было цяжка зразумець, якім чынам гэта робіцца. Але пазней пачала сур’ёзна займацца дадзеным мастацтвам. З пачатку 1990-х гадоў уступіла ў «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». З таго моманту ўдзельнічала ў розных выставах. Магу сказаць, што мае работы падабаюцца людзям і карыстаюцца ў іх попытам, — адзначыла Марыя Мікалаеўна.

Сваімі ўражаннямі ад адкрыцця, а таксама аб далейшых планах развіцця крамы з намі падзялілася дырэктар ТАА «Берліён», якая і адкрыла дадзеную сувенірную краму, Людміла Кац.

— Лічу, што сувенірная крама з’яўляецца важным элементам развіцця рэгіёна. Мы рады, што наш праект пачынаецца ў турыстычным раёне. Асартымент, які прапануецца ў лаўцы, мяркуем пашыраць. Мы даём добрую магчымасць рамеснікам прадставіць тут свае ўласныя вырабы жыхарам горада, а таксама прыезджым турыстам. Хочацца верыць, што крама будзе карыстацца папулярнасцю, а наш праект акажацца паспяховым.

— Пружаншчына з’яўляецца турыстычна-рэкрэацыйным раёнам, — кажа Руслан Супрыновіч. — Таму для нас вельмі важна развіваць гэты складнік. Сваю будучыню мы бачым з турыстычнымі патокамі. Але да гэтага моманту адасобленага магазіна з сувенірнай прадукцыяй у горадзе не было. Месцазнаходжанне крамы выбрана невыпадкова: усе турыстычныя маршруты, якія праходзяць праз горад, закранаюць нашы вядомыя гандлёвыя рады. Гэта дае добрую магчымасць кожнаму турысту не прайсці міма, наведаць сувенірную лаўку, набыць унікальныя падарункі, зробленыя рукамі і душой нашых майстроў.

Так што запрашаем усіх, хто шукае адмысловыя падарункі для блізкіх — асабліва жыхароў іншых рэгіёнаў — наведаць краму, якая знаходзіцца ў гандлёвых радах «Белыя лаўкі». Чакаюць тут зарэгістраваных рамеснікаў з іх унікальнымі вырабамі.
Руслан Басак. Фота аўтара