Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці, якая штогод праводзіцца па ініцыятыве Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
На гэты раз для 33 вучняў старэйшых класаў былі падрыхтаваны даволі складаныя заданні, правільныя адказы на якія давалі магчымасць максімальна набраць 90 балаў.
Максімуму дасягнуць не ўдалося нікому, але і тыя вынікі, якія паказалі ўдзельнікі алімпіяды, прыемна здзівілі арганізатараў конкурсу. Як расказвае дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №122 ААТ «ААБ Беларусбанк» Э.М.Канановіч, было вырашана падрыхтаваць не толькі памятныя, але і каштоўныя падарункі: за першыя тры месцы ўруча-ліся юбілейныя сярэбраныя манеты «90 год Беларусбанку», якія пры намінале 20 рублёў маюць рэальны кошт амаль у чатыры разы большы.
Сярод дзесяцікласнікаў лепшыя вынікі паказалі вучні СШ №3, Кляпацкай і Хараўской школ, у адзінаццаці-класнікаў вызначыліся ўдзельнікі з трэцяй гарадской школы і гімназіі. А па рэйтынгу набраных балаў прызавыя месцы былі размеркаваны паміж вучнямі СШ №3 Алінай Антановіч (78 балаў) і Андрэем Карпызам (73), трэцяе месца прысуджана Віялеце Кугач (72) з Кляпацкай СШ. Менавіта яны і будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе алімпіяды па фінансавай адукаванасці.
На здымку: Э.М.Канановіч з Алінай Антановіч і Андрэем Карпызам падчас уручэння ўзнагарод.
Алег СІДАРЭНКА,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)