Среда, 15 января 2025

Філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі»: за год дабавілася сілы ў зямлі, папаўнела «малочная рэчка»

699

Здаецца, не так даўно адбылося далучэнне сельгаставарыства раёна «Айчына» да ААТ «Белавежскі». Але ўжо бачны зрухі ў лепшы бок па тых накірунках дзейнасці, на якіх спецыялізуецца гаспадарка.

Дырэктар філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Андрэй Голдзінаў.

Падводзіць вынікі спраў аграрных напярэдадні прафесійнага свята стала ўжо добрай традыцыяй. Пра тое, як спрацавалі са студзеня па верасень бягучага года, чым можна пахваліцца, а на што яшчэ патрэбны час, карэспандэнты «раёнкі» пагутарылі з дырэктарам філіяла «Айчына» Андрэем Голдзінавым.

Усе работы механізатараў у гэтыя восеньскія дні вядуцца па плане: адны ўжо рыхтуюць тэхніку да наступнага палявога сезона, другія — яшчэ ў полі завяршаюць сезон бягучы. Напрыклад, трактарыст Дзяніс Мартынюк і вадзіцель Ілья Семянюк заняты рэгламентаванай падрыхтоўкай тэхнікі да наступнага выкарыстання.

— Андрэй Генадзьевіч, раскажыце, калі ласка, як ідуць справы ў раслінаводстве? Бо гэта ж тая галіна, ад якой напрамую залежыць прыбытак вашай гаспадаркі.

— Па-першае, мы змаглі павялічыць агульныя зямельныя плошчы, цяпер яны складаюць 17005 га (для параўнання, у 2021 годзе — 15819 га). Гэта, у сваю чаргу, паўплывала на плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў — 14857 га. Калі гаварыць пра сёлетні ўраджай, то ён парадаваў, хаця і пагодныя ўмовы былі не самыя спрыяльныя. Зерня сабралі 16285 тон пры плане 14100 (у 2021 годзе — 10553 тоны), ураджайнасць склала 43,6 ц/га. Не падвёў і наш «другі хлеб» — бульба. Сабралі яе 2066 тон з ураджайнасцю 275,5 ц/га. Без дранікаў не застанёмся! Назапасілі і вітамінаў са свайго саду: яблыкаў сабралі 4,69 т/га (у мінулым годзе — 1,84 т/га). Плануем у будучым яго абнавіць, пасадзіўшы маладыя дрэўцы. Паспелі забяспечыць сябе кармамі — 320370 ц.к.адз. (103,1% да 2021 года).

На МТК «Смаляніца» працуюць не проста добрыя спецыялісты сваёй справы, але і цудоўныя жанчыны, якія адказна ставяцца да свайго ўчастка дзейнасці. Гэтыя словы — і пра аператараў машыннага даення Таццяну Лясота і Алену Шот.

— А што можаце расказаць пра жывёлагадоўлю?

— З такім калектывам, як наш, можна вырашаць любыя задачы, у тым ліку і ў жывёлагадоўлі. Па прадукцыі вырошчвання спрацавалі на 170 % да мінулага года, а бягучы яшчэ не скончыўся. Паказчык гаворыць сам за сябе, людзі стараюцца, бо бачаць перспектыву для сябе, тую ж грашовую. Выканалі план па рэалізацыі жывёлы на мяса ў жывой вазе (пры заданні ў 1095 тон рэалізавалі 1144 тоны).

Адказна працуе і аператар машыннага даення з МТК «Загор’е» Алена Прыймачук.

— Ці паўнаводная «малочная рэчка» гаспадаркі?

— Што да вытворчасці малака, то тут, у першую чаргу, павялічылі колькасць буйной рагатай жывёлы — на сёння 13816 галоў супраць мінулагодніх 11860. З іх 3941 — дойны статак. Кожная з кароў знаходзіцца пад пільным наглядам вопытных жывёлаводаў, якія ведаюць сваю справу і вельмі перажываюць, калі нешта не атрымліваецца з першага разу.

Валавы надой малака за дзевяць месяцаў склаў 122% да адпаведнага перыяду мінулага года. Амаль уся прадукцыя рэалізуецца гатункам «экстра» — больш за 98%. І рэзервы яшчэ ёсць.

У філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» нямала выдатных працаўнікоў. У тым ліку — і на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы «Кабылаўка», дзе шчыруюць аператары па адкорме БРЖ Марыя Краўчук, Аксана Саўко, Ларыса Макарэвіч і начальнік комплексу па адкорме БРЖ Анжаліка Чапля.

— На тэрыторыі гаспадаркі знаходзяцца два заводы — камбікормавы і крухмальны. Ёсць аддача ад іх дзейнасці?

— Несумненна. Калі гаварыць пра першы, то за студзень-верасень выраблена 12521 тона камбікорму (159 % да мінулага года). Навошта закупляць, калі можна самастойна забяспечыць сябе разнастайнымі кармамі? На крухмальным заводзе вырабілі 168 тон прадукцыі, 113 тон бульбянога крухмалу было рэалізавана.

Трактарыст Аляксандр Конаўка і вадзіцель Мікалай Ануфрэйчык задзейнічаны на ўнясенні сродкаў абароны раслін каля в. Алішавічы.

— Андрэй Генадзьевіч, з вышэйсказанага можна зрабіць вывад, што і фінансавы рэзультат таксама радуе, як і заработная плата.

— Рэнтабельнасць па прадпрыемстве за гэты прамежак часу склала 17,9% (+10,6 да 2021 года), ад рэалізацыі — 19,6% (+18,4) і рэнтабельнасць продажу — 14,7% (+13,6).

Добра працуе вадзіцель Вячаслаў Астапюк.

Што да сярэднямесячнай заработнай платы, то па гаспадарцы яна не ніжэй за тысячу рублёў. Стараемся не крыўдзіць у гэтым плане работнікаў, бо цудоўна разумеем, што матэрыяльнае становішча таксама надае імпэту ў рабоце.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі


Паважаныя аграрыі!

Нястомныя працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна!

Шчыра віншую вас з прафесійным святам!

Жадаю ўсім, хто прысвяціў сваё жыццё роднай зямлі, працаваць гэтак жа аддана, з запалам і надзеяй на будучыню. Няхай ураджаі будуць багатымі, а надвор’е спрыяе вашай нялёгкай працы.

Працвітання вам, удачы і высокіх вынікаў работы, вялікага прыплоду і стабільнага даходу. Жадаю, каб шчаслівым быў кожны ваш дзень, а кожны час быў напоўнены радасцю, поспехам і пазітывам. Здароўя вам моцнага, спакою ў сям’і і на працы, каб і надалей хапала сіл для добрых здзяйсненняў на карысць сабе і сваёй Айчыне!

Андрэй Голдзінаў, дырэктар філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі»