Понедельник, 2 декабря 2024

Фігурысты райцэнтра годна выступілі на рэспубліканскіх спаборніцтвах «Кубак Пераможцаў»

212

Цяпер можна сказаць афіцыйна: пружанскія фігурысты завяршылі чарговы сезон спаборніцтваў 2022/2023. Апошнім стартам у ім стаў дамашні турнір рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні на каньках з прыгожай назвай «Кубак Пераможцаў».

Пачынаючыя фігурысткі Марыя Новік, Кіра Касцючэнка, Алёна Шэпель, Аліса Корж

Ізноў Пружаны сабралі вялікую колькасць фігурыстаў з розных рэгіёнаў краіны. Удзельнікі спаборніцтваў прыехалі да нас з Мінска, Брэста, Віцебска, Бярозы, Гомеля, былі прадстаўнікі пэўных клубаў, спартсмены, якія абаранялі гонар «Беларускага саюза канькабежцаў». Вядома, не абышлося без удзелу прадстаўніц пружанскай каманды.

У кожных спаборніцтвах, якія прымае наш Лядовы палац, ёсць пэўныя адметнасці, і сёлетні «Кубак Пераможцаў» не выключэнне. Па-першае, на нашым лёдзе зноў можна было ўбачыць фігурыстаў-парнікаў. Пазмагацца ў Пружаны прыехалі Надзін Віцязь і Максім Хрытоненка. Па-другое, праграма спаборніцтваў уключала выступленні аматараў спартсменаў, якія вучацца ўсім тонкасцям катання самастойна. І, нарэшце, трэцяе: вялікі блок у турніры адвялі для фігурыстаў-навічкоў дзетак, якія займаюцца ў групах пачатковай падрыхтоўкі і толькі сталі на сцяжынку, якая, магчыма, у будучым прывядзе да спартыўных вяршынь.

Менавіта гэтыя фігурысты адкрылі спаборніцтвы і, што ўдвая прыемней, сярод іх былі пружанскія дзяўчынкі. Скажу шчыра: выступленні навічкоў выклікалі асабіста ў мяне ўсмешку і замілаванне. Так, у іх праграмах няма складаных элементаў, ды і балы ад суддзяў далёка не такія, як, напрыклад, у кандыдатаў у майстры спорту, але гэта толькі пакуль.

Уладзіслава Чахоўская

Па словах трэнера-выкладчыка Вольгі Уважанай, усе чатыры малыя спартсменкі, якія выступілі на спаборніцтвах, прыйшлі ў секцыю фігурнага катання толькі гэтай восенню.

У верасні мы аб’явілі набор, у кастрычніку прыступілі да трэніровак. Усяго ў групе каля 10 дзетак. Іх узрост 5-6 гадоў. Трэніроўкі праходзяць тройчы на тыдзень: 45 мінут лёд, столькі ж зала. Гэтыя спаборніцтвы сталі першымі для нашых малышоў, і мы свядома вырашылі даць пачатак іх выступленням на дамашнім лёдзе. Дарэчы, гэтай восенню мы зноў плануем набіраць групу пачатковай падрыхтоўкі з дзетак, якім споўнілася пяць гадоў, кажа Вольга Анатольеўна.

Па выніках пракатаў пружанскія навічкі прыемна парадавалі. Годна выступіла Алёна Шэпель. У сваіх катэгорыях залатыя ўзнагароды заваявалі Марыя Новік і Кіра Касцючэнка, а вось у Алісы Корж бронза.

Алісу, якая выступала ў вобразе Мікі Маўса, на турніры падтрымлівалі мама і тата. Аляксандр і Анастасія расказалі, што ў пяцігадовай дачкі мноства захапленняў. Акрамя фігурнага катання, гэта маляванне і заняткі ў мадэльнай школе. Бацькі ўпэўнены, што спорт дапаможа Алісе гарманічна развівацца і менш хварэць. Сама дзяўчынка прызналася, што выступленнем задаволена, тым больш цяпер у яе з’явіўся першы медаль сур’ёзных спаборніцтваў па фігурным катанні.

А як паказалі сябе ўжо вядомыя чытачу пружанскія спартсменкі, старэйшыя дзяўчаты? Медаль найвышэйшай пробы спаборніцтваў «Кубак Пераможцаў» у першым юнацкім разрадзе ў Ксеніі Жукоўскай. Гэтая спартсменка на дамашнім лёдзе ўпершыню паспрабавала свае сілы ў другім спартыўным разрадзе. У малодшай групе першага разраду выступала Эліна Цірскіх, якая стала пятай і ўстанавіла асабісты рэкорд па выніках пракату кароткай праграмы.

Соф’я Здановіч

У катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту на гэты раз змагаліся Соф’я Здановіч і Уладзіслава Чахоўская. Пасля кароткай і адвольнай праграм дзяўчаты размясціліся ў фінальным пратаколе побач: Улада на трэцім, Соня на чацвёртым радку.

Трэба сказаць, што ў апошні дзень спаборніцтваў узнагарода знайшла… трэнера. У адным з мінулых нумароў мы расказвалі, што за дасягненні ў 2022-м годзе на раённую Дошку Гонару былі занесены 25 работнікаў Пружаншчыны. Адна з іх якраз Вольга Уважаная. Нагадаем, што яна рыхтуе фігурыстаў у камандзе з трэнерам Юрыем Цішковым і харэографам Таццянай Хадаровіч.

Віншуем усю каманду фігурыстаў і іх настаўнікаў і чакаем добрых навін ужо ў новым спартыўным сезоне.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік