Понедельник, 11 ноября 2024

Фігурыстка Уладзіслава Чахоўская з ДЮСШ №2 стала чэмпіёнкай чацвёртага этапу першынства Беларусі па фігурным катанні «Зорачка»!

1 294

Схадзіць па пакупкі, а заадно палюбавацца прыгожымі выступленнямі фігурыстаў з розных рэгіёнаў краіны — такая магчымасць была ў мінулыя выхадныя ў жыхароў і гасцей Гродна. Рэспубліканскія спаборніцтвы прымаў каток мясцовага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «TRINITI». Не абышліся яны без выступленняў пружанскіх фігурыстак.

Чацвёрты этап першынства Беларусі па фігурным катанні сярод юнакоў і дзяўчат «Зорачка» ў адзіночным катанні самым паспяховым быў для Уладзіславы Чахоўскай. Яна выступала ў старэйшай групе першага спартыўнага разраду. Пасля кароткай праграмы размяшчалася на трэцім радку табліцы. Пры пракаце адвольнай здолела сабрацца і стала чэмпіёнкай спаборніцтваў. Па выніках двух выступленняў сярэбраную прызёрку Улада абышла крыху больш чым на 5, бронзавую — амаль на 18 балаў.

З адвольнай праграмай у другім юнацкім разрадзе выступіла Ксенія Жукоўская, якая заняла пятае месца. Але ці варта лічыць гэта паражэннем, калі фігурыстка падчас турніру датэрмінова выканала нарматыў першага юнацкага разраду?! Ксеніі пашчасціла прама на спаборніцтвах паказаць сябе ў ім і амаль крыху не хапіла да п’едэстала — чацвёртае месца. У сярэдзіне фінальнага пратакола «Зорачкі» ў малодшай групе першага спартыўнага разраду — Эліна Цірскіх.

На жаль, без узнагарод для спартсменак ДЮСШ № 2 завяршыўся чацвёрты этап Кубка «Беларускага саюза канькабежцаў». Тут спартсмены змагаюцца ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту. Вынікі нашай каманды ў цэлым нядрэнныя: чацвёртае месца — ва Уладзіславы Чахоўскай, шостае — у Соф’і Здановіч. Крыху ніжэй размясцілася Юлія Покала. Трэнеры нашых спартсменак — Вольга Уважаная, Таццяна Хадаровіч і Юрый Цішкоў.

Магчымасць паказаць сябе ў нашых дзяўчат у гэтым сезоне яшчэ будзе. Згодна з раскладам спаборніцтваў, наперадзе — турнір у Івацэвічах, фіналы Кубка «БСК» і «Зорачкі» ў Баранавічах. Мяркуецца, што пройдуць яшчэ спаборніцтвы і на пружанскім лёдзе.

Уладзіслаў Шпарла