Понедельник, 21 апреля 2025

Фігурыстка Дар’я Межыеўская ўзяла серабро на рэспубліканскім турніры ў Гродна, а ў аддзяленні па фігурным катанні ідзе набор дзяцей

184

Калі ў школьнікаў новы навучальны год пачынаецца з верасня, то пружанскія фігурысты зноў «увайшлі ў каляіну» яшчэ напрыканцы жніўня, у апошнюю нядзелю якога яны прымалі ўдзел у адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтвах «Кубак Адзінства».

Турнір прымаў каток гродзенскага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Triniti». Удзельнікамі спаборніцтваў сталі юныя фігурысты-адзіночнікі з Беларусі, Расіі і Казахстана.

Гонар пружанскай СДЮШАР № 2 абаранялі Дар’я Межыеўская, Кацярына Папічыц і Ксенія Жукоўская. Менавіта Дар’і, пра якую зусім нядаўна мы расказвалі на старонках «Газеткі-дзеткі», удалося падняцца на п’едэстал гонару. Яна стала другой па выніках пракатаў у першым спартыўным разрадзе. Саступіла Межыеўская толькі спартсменцы са сталіцы.

А ўжо ў бліжэйшыя выхадныя нашы спартсменкі мяркуюць прыняць удзел у першым этапе Адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь. Верым у іх!

Уладзіслаў Шпарла

Фота з асабістага архіва Дар’і Межыеўскай


Калі вашы дзеці таксама праяўляюць цікавасць да прыгожага і па-сапраўднаму чароўнага віду спорту — фігурнага катання, не трэба сядзець склаўшы рукі!

Прама зараз СДЮШАР № 2 г. Пружаны праводзіць набор хлопчыкаў і дзяўчынак 5-6 гадоў у групы пачатковай падрыхтоўкі па фігурным катанні на каньках.

Навучэнцы аддзялення — неаднаразовыя чэмпіёны і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па фігурным катанні. Нямала сярод выхаванцаў школы кандыдатаў у майстры спорту. Шэраг выпускнікоў зараз — члены нацыянальнай і зборнай каманд Беларусі па фігурным катанні.

Заняткі праводзяцца пад кіраўніцтвам аднаго з лепшых трэнерскіх тандэмаў краіны — Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч. Па іх словах, займаюцца фігурысты тройчы на тыдзень, у зручны час.

Каб даведацца падрабязнасці і тое, як падаць заяву, звяртайцеся ў СДЮШАР № 2 па нумарах: 4-01-41 і 3-59-12 або непасрэдна да трэнераў па тэлефонах: +37529-721-66-37 (Вольга Анатольеўна) і +37529-723-80-51 (Таццяна Уладзіміраўна).