Жыць тым, чым займаешся. Гэтыя словы ўзяў за жыццёвае крэда жыхар горада Пружаны Дзмітрый Даўгапол. Для яго справа, якой займаецца, не работа, а любімы занятак, што прыносіць перш за ўсё задавальненне, і потым — прыбытак. Для нашага раёна гэта не зусім звыкла, бо ў Дзмітрыя свая фермерская гаспадарка па развядзенні на забой… трусоў. Згадзіцеся, ёсць розніца, калі ты трымаеш з дзясятак вушастых і калі іх налічваецца каля тысячы! Адкуль «вушы растуць» і што патрэбна ведаць пры вырошчванні трусоў, мы даведаліся непасрэдна ў індывідуальнага прадпрымальніка.
Першае знаёмства з сямействам зайцавых адбылося ў нашага героя яшчэ ў дзяцінстве: бацька трымаў некалькі трусоў, а Дзмітрый дапамагаў карміць іх. Занятак няцяжкі, і зносіны з пухнатымі звяркамі былі вельмі прыемнымі. Хто ж адмовіцца ад таго, каб патрымаць на руках такую прыгажосць!
Працяг гісторыі наступны: будучы ўжо жанатым, пад Новы год Дзмітрый атрымаў ад жонкі Алены падарунак — трох трусоў. З таго часу мужчына (дарэчы, механік па адукацыі, у свой час скончыў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж) і пачаў сур’ёзна займацца развядзеннем вушастых. Спачатку ў прыватным доме…
У красавіку 2018 года купіў будынак у былым ваенным гарадку ў в. Новыя Засімавічы і перавёз сваіх насельнікаў туды. Гэта дало магчымасць больш маштабна разгарнуцца ў рабоце. У самім памяшканні — адно аддзяленне для адкорму і два — радзільныя. Усе звяркі знаходзяцца ў жалезных клетках і адчуваюць сябе даволі камфортна. Працэс развядзення трусоў адладжаны да аўтаматызму, чаму папярэднічала карпатлівая і зусім не лёгкая праца.
А на самай справе, якога догляду патрабуюць трусы? У інтэрнэце можна прачытаць, што нічога цяжкага ў гэтай рабоце няма. Дзмітрый жа лічыць, што любая дзейнасць тоіць у сабе цяжкасці.
Прынцыпова важнай у развядзенні вушастых з’яўляецца пастаянная наяўнасць вады, і ў прадпрымальніка наладжана яе цэнтральная падача. Таксама памяшканне аснашчана аўтаматычнай вентыляцыяй, якая дапамагае падтрымліваць паветра свежым. Ніяк нельга забываць пра кантроль вільготнасці паветра, норма — 60-75 %, а тэмпература — 18-22 градусы. У трусоў свой рытм жыцця, для іх створаны адпаведныя ўмовы: у памяшканні на працягу сутак гарыць святло, а шыбы вокнаў пафарбаваны ў белы колер, каб не было размежавання паміж днём і ноччу. Абавязкова трэба сачыць за лінькай, своечасова прыбіраць пух з верху клеткак. Іх Дзмітрый чысціць адзін раз у пяць дзён і апрацоўвае прэпаратам «Любісан», які забівае бактэрыі, папярэджвае хваробы. А наогул, рабочы дзень у мужчыны пачынаецца ў сем гадзін раніцы і заканчваецца каля дзевяці вечара.
Наколькі ведаю сам, трусы любяць траўку, вядома, моркву, капусту і г.д. У Дзмітрыя да харчавання звяркоў іншы падыход. Напачатку таксама выкарыстоўваў моркву, але за нядоўгім часам рацыён вушастых поўнасцю перавёў на камбікорм. Гэта дало магчымасць пазбегнуць многіх хвароб падапечных. Камбікорм не купляе, а самастойна гатуе па сваім рэцэпце: сам набывае люцэрну, вотруб’е і зерне, купіў змяшальнік і гранулятар. Пасля вырабу камбікорму адбываецца яго ахаладжэнне: ён павінен звінець, быць глянцаваным. Для правільнага развіцця і добрага росту трусоў рацыён павінен утрымліваць 17-18 % пратэіну, 14 % клятчаткі і 7 % мінеральных рэчываў, каларыйнасць — 2700 ккал на кілаграм корму. Працэс кармлення не складаны: раніцай, дзе пуста, падсыпаецца корм, тое ж робіцца і вечарам. Пухнатыя прыгажуны з’ядаюць за суткі прыблізна 200 грамаў. Раніцай абавязкова адкрываюцца засаўкі, да прыплоду дапускаецца трусіха: малыя таксама хочуць есці. Каб вы ведалі, якая ж пацешная гэтая малота! Адзін трусік так міла спаў на спіне падчас нашага прыезду!
Пацікавіліся мы і пародамі трусоў, якія разводзіць Дзмітрый. У свой час ён трымаў каліфарнійскіх звяркоў, пароду фландр і гібрыд кіплус. Але з цягам часу поўнасцю перайшоў на белы панон. Гэтая парода мясная, і лепшай не знайсці, калі займаешся развядзеннем на забой.
Дарэчы, пра мяса… Бо трусы — гэта ж не толькі каштоўнае футра. Па словах Дзмітрыя, мяса вушастых не толькі смачнае, але і карыснае, яно ўтрымлівае высокую колькасць бялку, кальцыю і вітамінаў пры даволі нізкім узроўні халестэрыну і тлушчаў. Таму яно цудоўна падыходзіць для дыетычнага харчавання і з’яўляецца лёгказасваяльным прадуктам. А языкі — проста далікатэс! Мяса падыходзіць для прыгатавання шашлыкоў, яго можна марынаваць.
Як расказаў мужчына, асноўным пунктам збыту дыетычнага прадукту з’яўляецца Мінск, Камароўскі рынак, дзе трусяціну з задавальненнем купляць людзі. У нашым раёне ёсць попыт, але пружанцы яшчэ не рассмакавалі па-сапраўднаму мяса трусоў. Спрабуе Дзмітрый гандляваць на кірмашах.
У год Дзмітрый прадае да трох тон тушак. Цікавы момант: калі трусаводу тэлефануюць людзі з мэтай набыцця трусяціны, мужчына ўдакладняе, хто яе будзе спажываць. Аказваецца, малым дзеткам вельмі карысным будзе мяса трусоў, якія не дасягнулі трох месяцаў, дарослыя ж могуць спажываць і мяса чатырохмесячных. За якасць трусяціны не трэба хвалявацца, бо ўсе патрэбныя даведкі з раённай ветэрынарнай станцыі на руках.
Бізнес развіваецца, гэта добра. Але ці няцяжка ўсё рабіць самому? Хаця чаму самому?! У Дзмітрыя ёсць вялікая падтрымка — сям’я: жонка Алена і трое дзетак — сыны Руслан, Валерый і дачушка Сафія. Другая палавінка заўсёды гатова дапамагчы, а сын Валерый увогуле зазначае, што ў яго таты самая лепшая ферма і самы карысны камбікорм. Значыць, ёсць для каго працаваць, каму перадаць адладжаную справу.
Не адмаўляюць у дапамозе і сябры: калі ў Дзмітрыя не атрымліваецца пакарміць трусоў, праблем не ўзнікае.
І як не папытаць пра планы, бо яны ж павінны быць, калі чалавек з такім запалам у вачах расказвае пра сваю прадпрымальніцкую дзейнасць. У бліжэйшым будучым Дзмітрый плануе купіць прамысловы халадзільнік. А яшчэ вельмі хоча знайсці будынак у нашым раёне для пашырэння свайго бізнесу. І тады, хто ведае, могуць з’явіцца і новыя рабочыя месцы.
Што раіць Дзмітрый пачынаючым трусаводам? Не баяцца, хаця рызыка прысутнічае заўсёды, прадугледзець кожную дробязь немагчыма. А яшчэ — настройваць сябе на вынік праз гадоў пяць, з якіх тры будзеце займацца вырошчваннем трусоў, а два — шукаць рынкі збыту. І помніце: у жыцці нічога проста так не даецца. Калі не верыце, папытайце ў Дзмітрыя.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік