Понедельник, 21 апреля 2025

Фельчар на ўсе часы

692

Менавіта так можна сказаць пра Тамару Андрэеўну Пацапню, якая прысвяціла сваё жыццё працы ў амбулаторыі аг. Вялікае Сяло. «Уседзець» на адным і тым жа месцы практычна 30 гадоў не кожны зможа, а ў яе ўсё атрымалася. Ды і мясцовыя жыхары не прадстаўляюць іншага фельчара побач. Яна ведае ўсіх пайменна, каму што баліць і заўжды спяшаецца дапамагчы сваім пацыентам.

Нязменна з добразычлівай усмешкай, ветлівым позіркам, а галоўнае, з адкрытай і чулай душой прыходзіць яна ў кожную хату з медыцынскім аглядам. Тамара Андрэеўна ўжо даўно стала «сваёй», таму яе з нецярпеннем чакаюць, бо ведаюць — шчырага сэрца хопіць на ўсіх. Вось так сустрэла яна і карэспандэнтаў «раёнкі», і з парога стала зразумела, што гутарка будзе займальнай і цікавай.

У Пружанскі раён маладая дзяўчына размеркавалася пасля заканчэння Пінскага медвучылішча ў 1996 годзе, прычым з чырвоным дыпломам. Адразу атрымала інтэрнат, і на новым месцы камунікабельная дзяўчына асвоілася хутка. Тады яна і не падазравала, што менавіта тут «кіне якар», створыць сям’ю і застанецца ўжо назаўжды.

— Стала я медыкам, дзякуючы сваёй цётачцы Алене Міхайлаўне, якая настаяла на маім паступленні ў медвучылішча. Хаця я збіралася звязаць сваё жыццё з культурай. У роднай вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, праводзіла мерапрыемствы і іншага шляху нават не ўяўляла. Але лёс распарадзіўся інакш, — і вось я зараз тут, і ні пра што не шкадую. Памятаю, як толькі прыехала сюды, вёска здалася мне такой маленькай: нізкія домікі, старыя пахіленыя платы, вузкія вулачкі. Але добра, што Дом культуры быў. Там я і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Генадзем і ўжо праз год выйшла замуж, — успамінае Тамара Андрэеўна.

Па іроніі, яе муж аказаўся работнікам культуры і тая сфера, пра якую марыла дзяўчына, так ці інакш, ад яе нікуды не дзелася. Яна стала ўдзельніцай мясцовага вакальнага калектыву «Весялінка», у якім спявае амаль 20 гадоў. Разам з мужам, які дагэтуль з’яўляецца мастацкім кіраўніком гурта, праводзяць рэпетыцыі, ездзяць на выступленні, рыхтуюць вечары адпачынку, святы вёскі. Шмат гадоў былі вядучымі масавых мерапрыемстваў. Адным словам, займаліся тым, да чаго душа цягнулася. Дзякуючы Генадзю, творчыя здольнасці Тамары раскрыліся на поўную моц, а пачуццё абсалютнай гармоніі і задавальнення заўсёды ішлі побач.

— Гэта той самы выпадак, калі можна сказаць, што мне пашанцавала. Раніцай з задавальненнем апранаю белы халат, бо ведаю, на ФАПе мяне чакаюць удзячныя пацыенты, і дзень пралятае, як адно імгненне. Заўсёды побач цудоўная санітарка — Ніна Міхайлаўна Самасюк, з якой усе гады мы працуем у адной звязцы, яшчэ разам спяваем і адзначаем святы. І тут пашанцавала: у Ніны Міхайлаўны ўсё чысценька, усё ляжыць на сваіх месцах, вакол амбулаторыі клумбы з кветкамі, дагледжаная тэрыторыя — гэта ўсё справа яе рук. Мы разумеем адна адну з паўслова: я толькі падумаю, —яна ўжо зробіць, гэта вельмі прыемна. А ў вольны час ёсць магчымасць адпачываць душой і займацца любімым захапленнем, якое заўсёды бадзёрыць і напаўняе энергіяй. Ногі самі «нясуць» у клуб, — з неверагодным трапятаннем расказвае фельчар.

Вось нездарма кажуць — адораны чалавек таленавіты ва ўсім. За гэты час Тамара Андрэеўна праявіла сябе не толькі як прафесійны фельчар, але і як добры арганізатар. Нездарма аднавяскоўцы выбіралі яе дэпутатам сельскага савета на працягу чатырох скліканняў запар. Яна выступала ў ролі мясцовага сувязнога паміж просьбамі жыхароў і адміністрацыяй раёна, усімі спосабамі старалася дапамагчы тым, хто ў гэтым меў патрэбу. З яе дапамогай любое пытанне вырашалася за кароткі час і мела станоўчы вынік. З неверагодным цяплом жанчына ставіцца да кожнага чалавека, таму Тамару Андрэеўну шануюць і паважаюць за адкрытасць і прастату.

— Калі я сюды прыехала, у вёсцы было практычна 900 жыхароў, а праз 30 гадоў стала значна менш. Цяпер на ФАПе лічыцца крыху больш за 300 разам з дзецьмі. Мы калісьці і не думалі з’язджаць, хаця і была магчымасць. А цяпер моладзь імкнецца ў горад і з гэтым нічога не зробіш. Вось і нашы дзеці таксама жывуць і працуюць далёка. Сын Уладзімір, аграрый, пасля вучобы застаўся ў Гродна. А дачка Маша, інжынер-канструктар, дызайнер аўтамабіляў ваеннай тэхнікі гэтак жа пасля практыкі асела ў Мінску. Вядома, мы жадаем сваім дзецям лепшага жыцця і паважаем іх выбар, але часам становіцца шкада, што не побач. Канешне, яны заўсёды прыязджаюць на святы, тады хата ажывае і ўсе сумненні адразу знікаюць.


Зусім нядаўна Тамара Пацапня перасягнула свой паўвекавы юбілей і была адзначана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную шматгадовую працу ў сістэме аховы здароўя, актыўны ўдзел у грамадскіх і культурна-масавых мерапрыемствах Велікасельскага сельскага савета. Безумоўна, самае галоўнае прызнанне яе прафесіяналізму — давер пацыентаў, для якіх яна і доктар, і слухач, і памочнік, і проста цудоўны сябар!

Ірына Велясевіч

НА ЗДЫМКУ: Тамара Пацапня і Ніна Самасюк на працоўным месцы.
Фота Кацярыны Масік