Нядаўна ўступіў у сілу чацвёрты пакет санкцый Еўрапейскага саюза па Беларусі. Цяпер абмежавальныя меры ў дачыненні да нашай краіны распаўсюджваюцца ў агульнай складанасці на 15 беларускіх прадпрыемстваў. Такім чынам, можна сказаць, распачалася разгорнутая эканамічная вайна супраць простых беларусаў, якія могуць застацца без заробку, а ў канчатковым выніку — без працы. У сувязі з гэтай сітуацыяй высокую сацыяльную адказнасць і салідарнасць праяўляюць прафсаюзныя арганізацыі краіны.
Як яшчэ напярэдадні 1 Мая адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў РБ Міхаіл Орда, санкцыі ўведзены беспадстаўна і незаконна, насуперак нормам міжнароднага права, паколькі беларускія прадпрыемствы не нясуць пагрозу сусветнаму парадку і бяспецы іншых краін. Любое прадпрыемства — гэта, у першую чаргу, працоўны калектыў. І любое абмежаванне ў яго вытворчасці адбіваецца на дабрабыце звычайных работнікаў. Прычым не толькі арганізацый, якія трапілі ў санкцыйны спіс, але і многіх іншых, паколькі парушаюцца вытворчыя ланцужкі і сувязі.
Таму прафсаюзныя работнікі напісалі адкрыты ліст, скіраваны супраць эканамічнага ціску. На сённяшні момант яго падпісала больш за 1 млн 130 тыс. чалавек. Акрамя таго, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі дала магчымасць людзям выказаць сваё меркаванне з нагоды санкцый і ў фармаце відэаролікаў.
Магчымасцю заявіць пра сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю скарысталіся ў тым ліку і жыхары Пружаншчыны.
— Мы запісалі ўжо больш за сотню відэаролікаў, — адзначае старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Юр’еўна Гаманчук. — У іх нашы прафсаюзныя лідары, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, простыя работнікі медыцынскай, культурнай, адукацыйнай, прамысловай, сельскагаспадарчай і іншых сфер кажуць пра тое, што эканамічныя санкцыі лічаць несправядлівымі і ангажаванымі. І спадзяюцца на разважлівасць еўрапейскіх палітыкаў. Бо пасля ўвядзення чацвёртага пакета санкцый пацерпяць і еўрапейскія кампаніі, асабліва нафтагазавай сферы, якім нельга супрацоўнічаць з нашымі.
Атрымліваецца, ад санкцый прайграюць усе. А мы, беларусы, нікому не жадаем зла і хочам гарманічна развівацца ў згодзе з усім светам. Але самае сумнае, што ў выніку недапаступленняў у бюджэт грашовых сродкаў могуць рэзка скараціцца важныя сацыяльныя праграмы, у якіх маюць патрэбу, перш за ўсё, неабароненыя катэгорыі насельніцтва.
Мы спадзяёмся, што нас пачуюць і нас зразумеюць.
Відэазвароты можна паглядзець на сайце Федэрацыі прафсаюзаў па спасылцы https://1prof.by/profmedia-tags/kogda-molchat-dalshe-nevozmozhno/