Паўтара года старання хапіла маладой загадчыцы, каб ФАП пад яе кіраўніцтвам стаў лепшым у рэспубліцы.
Запал маладога спецыяліста Ірыны Шчэрба вопытныя медыкі заўважылі адразу, як толькі яна прыйшла на працу ў Пружанскую ЦРБ. А нехта, гледзячы на гэтую актыўную і надзвычай старанную дзяўчыну, нават зазначыў: “Яна яшчэ сябе пакажа!”.
Так і здарылася. Мінуў толькі год, як Белавусаўшчынскі ФАП пад кіраўніцтвам Ірыны Віктараўны быў прызнаны лепшым у вобласці, а неўзабаве — і ў рэспубліцы.
— І ўсё ж, як удалося дасягнуць такога імгненнага прафесійнага ўзлёту?
— Пасля заканчэння Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, — расказвае Ірына, — на працу мяне размеркавалі на малую радзіму – Пружаншчыну. І амаль што адразу ўручылі ключы ад фельчарска-акушэрскага пункта ў в.Белавусаўшчына. Заехала туды: будынак прыгожы, а гаспадара, адчуваецца, няма – фельчары мяняліся пастаянна.
Аднак нездарма кажуць, што свет не без добрых людзей. На дапамогу прыехала вопытная загадчыца Чахецкага ФАПа Святлана Вітальеўна Жук: паказала ўсё, растлумачыла, дала парады. Не пакінулі без падтрымкі маладога спецыяліста і старэйшыя калегі – медстатыстык Вольга Аляксандраўна Багдановіч і галоўная медсястра Таіса Пятроўна Барылка. Яны заўсёды знаходзілі час, каб адказаць на любое пытанне ці задаволіць просьбу няўрымслівай маладой загадчыцы. А яна з неверагодным энтузіязмам працягвала не толькі наводзіць парадак з аказаннем медыцынскіх паслуг насельніцтву, але і ствараць дамашнюю ўтульнасць ФАПа. Прыцягнула да гэтага нават сваіх родных. Тата – вядомы рэзчык па дрэве Віктар Аляксандравіч Гурэцкі, змайстраваў паліцы, а малады муж, якога Ірына ласкава называе Жэнькам, і дагэтуль на падхваце: цвік забіць ці лямпачку памяняць – ён тут як тут.
Маладая загадчыца хутка заслужыла давер вясковых жыхароў як фельчар і акушэр адначасова. Яна як след наладзіла агляд жаночага насельніцтва, пачала весці амбулаторны прыём, рэгулярным стала наведванне інвалідаў і адзінокапражываючых грамадзян. А галоўнае, людзі пераканаліся, што на ФАПе яны заўсёды атрымаюць першую даўрачэбную дапамогу і будзе яна сапраўды кваліфікаванай.
Дзякуючы сваёй дасціпнасці, працавітасці і жвавасці, Ірына хутка асвоіла прафесію на практыцы. “Гэта, відаць, ад мамы — Ларысы Андрэеўны”, — усміхаецца яна. А вось за тое, што яшчэ больш палюбіла сваю прафесію, дзякуе сваёй напарніцы Людміле Васільеўне, надзвычай уважліваму і мудраму чалавеку. Крыху больш чым за год ФАП, якім загадвае Ірына Віктараўна, па прызнанні вяскоўцаў стаў падобным да санаторыя, з адпаведнай утульнасцю і прыгажосцю.
Гэта загадчыца і адлюстравала ў сваёй прэзентацыі на абласны агляд-конкурс якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Брэсцкай вобласці сярод ФАПаў. Перамога ў конкурсе знайшла Ірыну ўжо сёлета. А зусім нядаўна, разам з прызнаннем Белавусаўшчынскага ФАПа лепшым у вобласці, такое ж прызнанне чакала і на ўзроўні рэспублікі.
Аднак гэта, як прызнаецца Ірына, прымушае працаваць яшчэ з большай аддачай. Цяпер яна марыць, каб, акрамя тэрапеўта, для вядзення прыёму на Белавусаўшчынскі ФАП прыязджалі і іншыя ўрачы, а разам з імі і лабаранты, каб узяць у пацыентаў неабходныя аналізы. І пакуль задуманае застаецца толькі ў марах, штодня, а то і некалькі разаў на дзень імчыць да вяскоўцаў, якія чакаюць медыцынскую дапамогу, сама. Балазе, тата купіў дачцэ невялічкую, але такую шуструю машынку…
Галіна Каляда.
На здымку: І.В.Шчэрба з ўзнагародай.
Фота Сяргея Талашкевіча.