Среда, 12 ноября 2025

Факты, вынікі, поспехі…

430

У Пружанскім раёне дзейнасць у сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ажыццяўляе аддзел ЗАГС раённага выканаўчага камітэта і 12 сельскіх выканаўчых камітэтаў. З якімі вынікамі завяршыўся 2024 год, нам расказала яго начальнік Наталія Цібароўская.

— Усяго ў 2024 годзе ў органы ЗАГС Пружанскага раёна звярнуліся 3400 грамадзян з заявамі аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Выдадзена 4234 дакументы аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Ва ўрачыстай абстаноўцы па раёне зарэгістравана 175 шлюбаў. Упершыню ў шлюб уступілі — 141 жаніх і нявеста. Тром нявестам і аднаму жаніху быў зніжаны шлюбны ўзрост у сувязі з цяжарнасцю нявесты. Узрост самых «юных» склаў 16 гадоў. На момант заключэння шлюбу самаму «ўзроставаму» жаніху было 68, нявесце — 66 гадоў.

— Наталія Радзівонаўна, наколькі часта заключаюцца шлюбы з грамадзянамі іншых краін?
— Акрамя шлюбаў паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, 16 шлюбаў зарэгістравана з грамадзянамі такіх дзяржаў, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Літоўская Рэспубліка, Латвійская Рэспубліка, Рэспубліка Узбекістан, Рэспубліка Казахстан, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

— Што адносна скасавання шлюбаў у мінулым годзе кажа статыстыка?
— У адпаведнасці з артыкулам 351 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў 2024 годзе аддзелам ЗАГС райвыканкама зарэгістравана 29 скасаванняў шлюбаў. Мінімальная працягласць шлюбу склала 11 месяцаў 7 дзён, максімальная — 38 гадоў 3 месяцы і 4 дні. Самаму маладому мужчыне, які скасаваў шлюб, споўнілася 22 гады, самай маладой жанчыне — 21 год; самаму старэйшаму — 64 гады, жанчыне — 57 гадоў.

— А зараз пагаворым пра самае прыемнае. Колькі нарадзілася дзяцей за 2024 год?
— У 2024 годзе ў горадзе і раёне хлопчыкаў нарадзілася 125, дзяўчынак — 124. З іх па заяве маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, — 40 рэгістрацый. 77 дзяцей былі першымі па ліку ў сям’і, 76 — другімі, 59 — трэцімі, 20 грамадзян рэгіструюць сваіх дзяцей чацвёртымі, 7 — пятымі, 8 — шостымі. За гэты час з’явілася на свет 5 двайнят.

— Наталія Радзівонаўна, якія самыя папулярныя імёны дзяцей былі ў мінулым годзе?
Папулярныя імёны хлопчыкаў: Міхаіл, Аляксандр, Арсеній, Арцём, Цімафей, Максім, Аляксей, Яўген, Марк, Мацвей, Мікіта. Самыя рэдкія імёны хлопчыкаў — Яўсей, Енісей, Ігнат, Леў, Лявон, Мірон, Міраслаў, Пётр, Радыён, Расціслаў, Савелій.

Папулярныя імёны дзяўчынак: Ганна, Аляксандра, Анастасія, Варвара, Ксенія, Сафія, Дар’я, Аліса, Валерыя, Вікторыя, Марыя. Самыя рэдкія дзявочыя імёны — Агнія, Адэліна, Адэль, Евангеліна, Ясенія, Лія, Мая, Мілена, Міраслава, Ніка, Ніколь, Алівія, Патрыцыя, Эвеліна, Эма.

— Колькі замежных грамадзян зарэгістравалі дзяцей у ЗАГС?
— У мінулым годзе зарэгістравалі нараджэнне сваіх дзяцей 13 замежных грамадзян, у тым ліку такіх дзяржаў, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Рэспубліка Казахстан, Рэспубліка Малдова, а таксама 4 асобы без грамадзянства.

— З якімі яшчэ пытаннямі звяртаюцца грамадзяне ў службу?
— У 2024 годзе аддзелам ЗАГС райвыканкама зарэгістраваны 4 перамены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку. Вынесена 20 заключэнняў па ўнясенні змяненняў, дапаўненняў, выпраўленняў у запісе актаў грамадзянскага стану. У 2024 годзе праводзіліся ўрачыстыя цырымоніі, звязаныя з юбілейнымі датамі, — 3 сярэбраныя вяселлі, 3 залатыя, 10 іншых. Так што ў нас паказчыкі вельмі добрыя. У дадатак, праведзена 12 праверак дзейнасці ў сферы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў сельвыканкамах раёна, арганізавана 6 семінараў-нарад. Работнікі аддзела ЗАГС штодня праводзяць кансультацыі грамадзян асабіста і па тэлефоне па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, а таксама прымаюць удзел і арганізуюць розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да святочных падзей: Дня сям’і, Дня маці, Дня бацькі і г.д.

Гутарыла Ірына Велясевіч. Фота з архіва ЗАГСа