Вторник, 18 февраля 2025

Эхо эпохи. В редакцию попала 1 из 12 тетрадей с автобиографическими заметками нашего земляка

750

Гэты старэнькі сшытак пад агульнай назвай «Маё жыццё» прынесла
ў рэдакцыю Вольга Канстанцінаўна Яўсеева з Пружан. А належаў ён яе дзядзьку Васілю Сямёнавічу Раўнейку, які пражываў у вёсцы Хвалава і да выхаду на пенсію працаваў паштальёнам. У сшытках (а іх, як сцвярджае Вольга Канстанцінаўна, было 12) дзядзька апісваў сваё жыццё ад нараджэння да апошніх дзён. На жаль, застаўся толькі самы першы з іх, урыўкі з якога мы прапануем нашым чытачам.

Частка першая.

Чувашыя, горад Чэбаксары.
Нарадзіўся я па старым стылі 15 красавіка 1916 года на Вялікдзень у горадзе Чэбаксары. Бацькі мае былі простыя сяляне і да 15 жніўня 1915 года жылі ў вёсцы Хвалава Сухопальскай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні.
Сям’я налічвала пяць чалавек: бацька Сямён Паўлавіч 1873 г.н., маці Антаніна Рыгораўна 1874 г.н. і тры браты — Пётр 1900 г.н., Уладзімір 1905 г.н. і Іосіф 1908 г.н.
У жніўні 1915 года падчас Першай сусветнай вайны бацькі выехалі ў бежанцы ў глыб Расіі і апынуліся ў Чувашыі. Бацька вырашыў спыніцца ў горадзе Чэбаксары, дзе зняў кватэру на вуліцы Разанскі яр у гаспадароў Андрэевых. Менавіта ў гэтым доме я і нарадзіўся. Хрысцілі мяне ва Увядзенскім саборы.


У доме Андрэевых наша сям’я пражыла больш за два гады. У 1917 годзе мы пераехалі на новую кватэру да Дадонавых. У той час мой старэйшы брат Пётр пайшоў добраахвотнікам у рабоча-сялянскую Чырвоную армію. У Дадонавых мы пражылі каля трох гадоў, а потым перасяліліся да іх суседзяў Волкавых-Вінаградавых.


Бацька пачаў шукаць работу, каб пракарміць сям’ю. Уладкаваўся вартаўніком на дрэваапрацоўчым камбінаце і атрымліваў паёк на ўсю сям’ю. Браты Уладзімір і Іосіф вучыліся ў школе, і жылі мы ўвогуле нядрэнна.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыццё стала больш цяжкім па той прычыне, што з’явілася шмат бандаў, якія імкнуліся нашкодзіць новай уладзе. Былі выпадкі, калі кулакі хавалі хлеб або нават выкідвалі ў калодзежы збожжа. У Расіі пачынаўся голад.
І вось у чэрвені 1921 года мае бацькі прынялі рашэнне вярнуцца на радзіму ў Хвалава.
Дарэчы, горад Чэбаксары нам вельмі падабаўся, асабліва калі на параходзе плывеш па Волзе.
Старэйшы брат Пётр угаворваў бацькоў застацца ў Чэбаксарах, але бацька быў не згодны з гэтым. А Пётр з намі так і не паехаў — вырашыў служыць Савецкай уладзе.
У далёкае і нялёгкае падарожжа мы адправіліся ў чэрвені, калі мне было ўжо 5 гадоў. Да Ніжняга Ноўгарада плылі па Волзе на параходзе, дзе я ледзь не патануў. Выратаваў мяне брат Валодзя.


У Ніжнім Ноўгарадзе мы затрымаліся па той прычыне, што чыгунка была пашкоджана. Давялося чакаць, пакуль яе адновяць. Бацька быў вымушаны шукаць работу, каб зарабіць грошай на далейшы шлях і прадукты.
Работа знайшлася даволі хутка: бацька і яшчэ некалькі чалавек разбіралі цагляныя сцены зруйнаваных дамоў. Аднойчы здарылася трагедыя. Пры разборцы чарговага дома абвалілася сцяна і прыдушыла некалькі чалавек. Бацьку ўдалося выратаваць, а вось яго напарнік загінуў. Пасля вяртання бацькі з бальніцы мы адправіліся ў далейшы шлях.
У Ніжнім Ноўгарадзе наша сям’я пражыла ў агульным бараку больш за два месяцы.
Наступны прыпынак мы зрабілі ў Смаленску, дзе затрымаліся на месяц. Заканчваліся прадукты харчавання, трэба было шукаць работу. Бацька, маці і браты ўладкаваліся да аднаго гаспадара карчаваць старыя дрэвы ў садзе. За выкананую работу ён разлічыўся прадуктамі. Мы адправіліся далей. Па дарозе яшчэ на некаторы час затрымаліся ў Віцебску. З Віцебска праз Мінск дабраліся да станцыі Негарэлае. Тут нам давялося перагружацца, паколькі ў гэтым населеным пункце праходзіла дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і Савецкай Беларуссю. Праверылі нашы дакументы і рэчы, і мы адправіліся на станцыю Аранчыцы. З Аранчыц па вузкакалейцы цягнічком дабраліся да Пружан. Было гэта ў лістападзе 1921 года прыкладна ў 6 гадзін раніцы.
Бацька адразу пехатой накіраваўся ў Хвалава. За намі ў Пружаны прыехалі на двух вазах дзед Павел і дзядзька Іван. На адзін воз загрузілі рэчы, а на другім размясціліся самі. Вечарам мы прыехалі ў Хвалава. Вырашылі пакуль жыць у нашых дзядулі і бабулі.

Частка другая.

Польшча, вёска Хвалава.
Жылі мы ў дзядулі з бабуляй каля тыдня, і тут здарылася вялікае гора. Памерла мая маці. Пайшла па ваду да суседзяў, вымыла падлогу і пастаяла распранутая на вуліцы. Пасля гэтага злягла. Як аказалася, яна захварэла на жаўтуху. Бацька паехаў за фельчарам у Чапялі, але таго дома не было. Ён вырашыў пачакаць, але тут прыехалі з Хвалава людзі і паведамілі, што маці ўжо памерла. Пахавалі мы яе на сухопальскіх могілках.
Брату Уладзіміру ў той час было 16 гадоў, Іосіфу — 13, а мне 5 гадоў.
Пасля смерці маці мяне забралі да сябе яе бацькі (мае дзядуля Рыгор Іванавіч і бабуля Параскоўя Андрэеўна Пстыгі) у вёску Роўбіцк.
У красавіку 1922 года бацька вырашыў знайсці сабе гаспадыню і сышоўся з удавой Ефрасінняй Мікалаеўнай Раўнейка з нашай вёскі. У той жанчыны была дачка Таццяна 11 гадоў. Ужо разам з новай гаспадыняй уся наша сям’я пераехала жыць у сваю ўласную хату, якую мы пакінулі ў жніўні 1915 года.
Дзядуля Павел даў нам карову і дзве авечкі, а таксама выдзеліў шэсць дзесяцін зямлі. Наша новая гаспадыня мела яшчэ свае чатыры дзесяціны зямлі, хату і хлеў, таму мы жылі не зусім бедна. Бацька прыехаў у Роўбіцк і забраў мяне да сябе, а на маё месца паехаў брат Іосіф. Праўда, доўга там ён не жыў па той прычыне, што вырашыў пайсці ў школу, хаця яму на той час ужо было 14 гадоў. Брат вучыўся ў Чэбаксарах, але вырашыў дома авалодаць польскай мовай.
Праз некаторы час наша сям’я набыла каня і воз, і мы сталі працаваць на ўласнай гаспадарцы. Мелі мы сваю зямлю, пашу і сенажаць. Бацька і браты працавалі на зямлі, а я, малы, сядзеў дома. У зімовы час браты хадзілі ў Белавежскую пушчу на лесанарыхтоўкі, а бацька ездзіў на лесавывазкі. Плацілі за гэту работу вельмі мала, і ў 1925 годзе пачаліся забастоўкі: рабочыя патрабавалі павышэння заработнай платы. У забастоўцы ўдзельнічаў і мой брат Іосіф, хаця яму было ўсяго 17 гадоў. Прыяз-джалі карныя атрады і разганялі бунтаўшчыкоў. У вёсцы Хвалава таксама стаяў карны атрад (калі сцямнее, нельга было выходзіць на вуліцу, а каго зловяць, то білі бізуном).
У нашай вёсцы налічвалася 8 чалавек, якія бралі ўдзел у забастоўках, з іх 7 чалавек праз мяжу пайшлі ў Савецкі Саюз. Мой брат Іосіф застаўся, паколькі яго адправілі на заданне і ён не паспеў вярнуцца. Брат быў арыштаваны і адпраўлены ў турму горада Бельска, але суд яго апраўдаў і выпусціў на волю.
У жніўні 1925 года наша «другая маці» нарадзіла сына Канстанціна, а першага верасня я пайшоў у школу. У той час мне было 9 гадоў. Вучоба давалася лёгка, паколькі дагэтуль ужо асвоіў буквар. Вучыўся я на польскай мове да 1931 года і атрымаў пасведчанне аб заканчэнні школы з адзнакамі «добра» і «выдатна».
У 1926 годзе ў Хвалаве і Шанях былі арганізаваны гурткі «Таварыства беларускай школы».
Актыўнымі членамі гуртка былі і мае браты. Старэйшы Уладзімір быў нават яго сакратаром.
Члены гуртка ставілі п’есы на беларускай мове, такія як «Паўлінка», «Апошняя сустрэча», «Птушка шчасця» і іншыя.
Паколькі я закончыў школу на «добра» і «выдатна», то наш настаўнік Якубоўскі вырашыў ад-правіць мяне вучыцца за дзяржаўны кошт у педвучылішча горада Драгічына. Для гэтага ў гміне неабходна было ўзяць адпаведную даведку. Але бацька адмовіўся зрабіць гэта, палічыўшы, што не зможа мне матэрыяльна дапамагаць.
Я вельмі пакрыўдзіўся на бацьку і вырашыў добраахвотна паступіць на польскую ваенную службу. На жаль, мне адмовілі, таму што ў мяне не было пасведчання аб нараджэнні (засталося ў Чэбаксарах). Таму я вымушаны быў працаваць на ўласнай гаспадарцы з адукацыяй 5 класаў польскай школы.
У красавіку 1927 года пайшоў у польскае войска брат Уладзімір. Служыў ён у пяхотным палку ў Брэсце. Вярнуўся ў верасні 1928 года і зноў пачаў працаваць на гаспадарцы.
Пры польскай уладзе пражыць на адной гаспадарцы было немагчыма, паколькі сельскагаспадарчы падатак быў даволі вялікі. Збожжа таксама не надта цанілася. Напрыклад, каб купіць добрыя боты або касцюм, неабходна было прадаць 15 пудоў збожжа.
Вясной 1930 года ў войска быў прызваны брат Іосіф. Служыў ён каля нямецкай мяжы ў горадзе Быдгашч. Пасля службы хацеў застацца ў войску, але яму не дазволілі зрабіць гэта, паколькі ён
удзельнічаў у забастоўках і быў членам гуртка «Таварыства беларускай школы». Пасля вяртання са службы Іосіф перайшоў мяжу і трапіў у Савецкі Саюз. Уладкаваўся на работу на дрэваапрацоўчы камбінат у горадзе Перм, а потым пераехаў у Златавуст, дзе працаваў бухгалтарам.


На пачатку 1932 года ажаніўся мой старэйшы брат Уладзімір. Праз два гады ён пабудаваў сабе дом і стаў жыць самастойна. Я застаўся жыць з бацькам, мачахай і малодшым братам Канстанцінам.
У гэты час было дадзена ўказанне правесці перапіс насель-ніцтва па ўсіх вёсках. Наш настаўнік Якубоўскі прапанаваў зрабіць гэта мне. Я падумаў і згадзіўся. Сабе ў памочнікі ўзяў брата Уладзіміра, суседа і сябра па школе. За два дні мы справіліся з работай. У Хвалаве тады налічвалася 153 дамы і пражываў 791 чалавек (386 мужчын і 405 жанчын). За перапіс насельніцтва кожны з нас атрымаў па 10 злотых. Спісы мы здалі ў гміну, а чарнавікі я пакінуў сабе і стаў весці ўлік насельніцтва Хвалава.
У канцы 1932 года я з сябрамі ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, якой кіраваў С.В.Прытыцкі. У 1933 годзе польская паліцыя арыштавала яго, і ўся работа была прыпынена. З цягам часу дзейнасць камсамольскай арганізацыі была адноўлена, і я паспеў азнаёміцца з некаторай падпольнай літаратурай. Шмат чытаў пра жыццё лю-дзей у Савецкім Саюзе. Але ўсё гэта я ведаў з пісьмаў сваіх братоў Пятра і Іосіфа. На жаль, у Польшчы ўсё было па-іншаму. Простаму беларускаму хлопцу было цяжка атрымаць нармальную адукацыю. Жанчыны не мелі права ўдзельнічаць у выбарах. Усе хадзілі ў гумавых лапцях, таму што абутак быў вельмі дарагі. Практычна ўсе магазіны былі ў руках яўрэяў, якія за тавар патрабавалі высокую цану.
Я, а таксама мае сябры, якія былі ў падпольнай камсамольскай арганізацыі, вырашылі ўступіць у польскую арганізацыю «Коло млодежи вейскей», каб адвесці ад сябе падазрэнні. Гэта арганізацыя займалася гаспадарчымі справамі. Цэнтр яе пад назвай «Рольнік» знаходзіўся ў Пружанах.
Падрыхтаваў Мікола АРХУЦІК.