Прызнацца, мы сустрэліся з музыкантам-самавучкам Яўгенам Мікалаевічам Яфрэменкам не ў самы лепшы перыяд яго жыцця. Мужчына доўга вагаўся, перш чым згадзіцца на размову з журналістам. Але дырэктар Шарашоўскай СШ А.І.Пернач, намеснікам па гаспадарчай частцы якой ён з’яўляецца, дапамагла наладзіць дыялог.
— У кожнага з нас ёсць свае недахопы, таму мы павінны заўсёды даваць шанец людзям, асабліва такім таленавітым і крэатыўным, як Яўген Мікалаевіч, — кажа Аксана Іосіфаўна. І я з ёй поўнасцю згаджаюся.
За тыя тры месяцы, што мужчына працуе ў школе, ён дапамог наладзіць музычную дзейнасць на якасна іншым узроўні. Ініцыятыўны, актыўны і працавіты, у адсутнасць музычнага супрацоўніка ён падрыхтаваў цудоўныя музычныя нумары да ўсіх святочных мерапрыемстваў.
— Яўген Мікалаевіч ведае, што такое сапраўдны крэатыў! Сёлета на Дні пасёлка я, дзякуючы яму, упершыню выступіла перад вялікай публікай. Можаце сабе ўявіць: дырэктар школы спявае рокавыя кампазіцыі. Для мяне гэта быў вельмі адважны крок, — смяецца Аксана Іосіфаўна. — А якім шыкоўным сёлета атрымаўся вечар сустрэчы з выпускнікамі. Яфрэменка прыцягнуў актыўную грамадскасць, шмат працаваў з дарослымі, з дзецьмі над удасканальваннем музычных нумароў.
Як аказалася, Яўген Мікалаевіч сам піша песні і музыку да іх, робіць арыгінальныя аранжыроўкі да папулярных музычных кампазіцый. Сам займаецца здымкай відэакліпаў, сам іх і манціруе. Каб адолець такую складаную, на мой погляд, работу, у мужчыны ёсць неабходная для гэтага тэхнічная база. Уласная студыя гуказапісу Яфрэменкі ўражвае насычаным абсталяваннем: усялякімі пультамі-інтэрфейсамі, узмацняльнікамі, рэгулятарамі, дынамікамі і мікрафонамі.
Галоўны ў студыі, зразумела, сам творца, шлях якога да музыкі, аказалася, быў даволі доўгім. Не, спяваў Яўген Мікалаевіч з самага дзяцінства, самастойна асвоіў ігру на ўдарных і клавішных інструментах, “пасябраваў” з гітарай. Але адразу пасля заканчэння Шарашоўскай СШ (дарэчы, у пасёлак ён пераехаў з бацькамі пасля чарнобыльскай трагедыі ажно з Гомельскай вобласці) Яфрэменка паступіў у Брэсцкае вышэйшае прафесійнае вучылішча бытавога абслугоўвання. Атрымаў спецыяльнасць радыёмеханіка, працаваў у розных месцах.
А калі яго запрасілі на пасаду акампаніятара ў Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Яўген Мікалаевіч вырашыў у дадатак атрымаць яшчэ і спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і святаў. І пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара цэнтра Генадзія Мікалаевіча Фасевіча (якому Яфрэменка, дарэчы, вельмі ўдзячны за аказаны давер і дапамогу) пачаў шчыраваць на музычнай ніве.
Культуры мужчына аддаў шаснаццаць гадоў свайго жыцця, за гэты час набыў вельмі каштоўны сцэнічны вопыт. Яфрэменка іграў і спяваў у ансамблі “Новая эра”, створаным пры ЦКВЧ. Нават прымаў удзел у абласным кастынгу для ўдзелу ў рэспубліканскім тэлепраекце “Зорны дыліжанс”.
— Па конкурсе не прайшоў, але меў магчымасць паразмаўляць і атрымаць каштоўныя парады ад такіх мэтраў беларускай эстрады, як Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Саша Нема і Анастасія Ціхановіч, — успамінае шарашэўскі музыкант.
Яўген Яфрэменка, дадам, яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы пазнаёміўся з Валерыем Скаражонкам, адным з салістаў, пазней — кіраўніком ансамбля “Песняры”, і вельмі ганарыцца яго падарункамі – кнігай, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну, і CD-дыскам з запісам апошняга мулявінскага альбома.
— Усё, чаму я навучыўся ў сваіх настаўнікаў па жыцці, я хачу перадаць маладым таленавітым выканаўцам. У прыватнасці, з мінулага года я плённа супрацоўнічаю з камандай Марка Снегура, адна з кампазіцый якога нядаўна перамагла ў студзеньскім этапе адкрытага расійскага інтэрнэт-галасавання “Новыя зоркі на новай хвалі 2020”, апярэдзіўшы больш за дзве тысячы кампазіцый розных аўтараў. Музычная перамога сяброў – гэта, у некаторым родзе, і мая перамога, паколькі я рабіў аранжыроўку да твора. Увогуле вельмі радуе, калі маладыя людзі так захапляюцца музыкай. Яна найлепшым чынам можа перадаць настрой, хваляванні і стан душы.
P.S. 75-годдзю Перамогі Яўген Яфрэменка прысвяціў песню “Жураўлі”
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).