У лёсах жыхароў Пружаншчыны, якія адзначаюць свае 90-гадовыя юбілеі або блізкія да іх дні нараджэння, шмат падобнага. Гэта пакаленне, якое не ваявала на франтах Вялікай Айчыннай, але зведала ўсе жахі, усе нястачы вайны падчас гітлераўскай акупацыі, а потым уздымала з руін разбураныя гарады і вёскі, аднаўляла гаспадарку, цяжка працавала, ствараючы годныя ўмовы для дзяцей і ўнукаў – нас з вамі. І ў той жа час аповед кожнага пра моманты свайго жыцця – непаўторны. У гэтым чарговы раз я ўпэўнілася падчас гутаркі з Мікалаем Пятровічам Салапурам.
Восем дзяцей было ў сям‘і Пятра і Галены Салапураў з вёскі Кацёлкі перад пачаткам вайны: чатыры сыны і чатыры дачкі. Старэйшы з сыноў – Мікалай – нарадзіўся ў 1933 годзе. Зямлі ў бацькоў было мала, шостая частка гектара, таму Пётр наймаўся ў работнікі да багацейшых сялян: касіў, малаціў.
– Бацька быў высокі, плячысты і ўсё ўмеў рабіць, – кажа Мікалай Пятровіч. – Ён вельмі клапаціўся пра сям‘ю. Дарэчы, дзяцей нарадзіла мама дзесяць, ды брат Ваня загінуў, а яшчэ адно маленькім памерла. Хатка бедная, цесная, на ноч на падлозе і лаўках рассцілалі сяннікі – саломай набітыя матрацы. Выгадаваліся, без справы не сядзелі. Мяне бацька ўсёй сялянскай працы з малых гадоў вучыў.
У першы ж дзень вайны жыхары Кацёлкаў сталі сведкамі паветранага бою паміж савецкімі знішчальнікамі «І-16» і фашысцкімі самалётамі. Адзін нямецкі самалёт быў збіты і ўпаў непадалёк, каля хутара Камяніца, на высокія таполі, дзе і загарэўся, як узгадвае Мікалай Пятровіч. Так хлопчык упершыню ўбачыў, што такое вайна.
Падобных «сустрэч» у наступныя тры гады было нямала. Але самая страшная, бадай, тады, калі немцы ледзь не спалілі Кацёлкі. Варта сказаць, што тая ж Камяніца стала адным з першых на Пружаншчыне цэнтраў падпольнай работы. Хутар быў звязаны і з пружанскім падполлем, і са штабам міжраённага антыфашысцкага камітэта, які базіраваўся ў Ружанскай пушчы (пра гэта ўзгадваў у сваіх успамінах былы партызан, а потым настаўнік Шаняўской школы Аляксандр Петрык). Неаднойчы партызаны адсюль крочылі ў навакольныя паселішчы. Фашысты гэта ведалі і рабілі правакацыі: пераапраналіся ў партызан і ноччу стукаліся ў «падазроныя» дамы. Калі гаспадары з ахвотай прымалі «гасцей», іх чакаў арышт. Так што сяляне вельмі насцярожана ставіліся да незнаёмцаў. І вось аднойчы…
– Аднойчы з вечара прыйшлі ў крайнюю хату партызаны, тое-сёе ім далі: сала, тытуню. І тыя пайшлі да лесу. І амаль адразу за імі з‘явіліся пераапранутыя немцы і паліцаі. Стукаюць у хату, а гаспадар адказвае, маўляў, пакіньце мне хоць нешта, а то ходзяць усю ноч то адны, то другія. Немцы зразумелі, што партызаны ўжо тут былі. А за хатамі адразу жыта пасеяна, за ім – лес. На жыце сцежка па расе бачная, дзе людзі прайшлі. Немцы – па той сцежцы, увайшлі ў лес. Іх убачыў партызанскі вартавы па прозвішчы Карпей, крычыць: «Пароль!» У яго стрэлілі – і забілі. А партызаны адкрылі агонь у адказ, пастралялі тых немцаў, а шафёра іхняга толькі паранілі.
Сярод забітых быў камендант паліцыі Лянге і перакладчык Ратайчык. Нядзіўна, што ў Кацёлкі адразу прыбылі два грузавікі з немцамі.
– Акружылі вёску, праз кожныя дзесяць метраў салдат стаяў, з аўтаматамі, з сабакамі. Загадалі ўсім мужыкам з хат выходзіць. А мы елі якраз, і бацька кажа, маўляў, зараз іду. Дык немец стол перакуліў, бацьку выпхнуў з хаты. Сабралі мужчын, павялі, мы ўжо думалі, што заб‘юць, а вёску спаляць. Ды праз некаторы час глядзім: ідуць назад. Гэта, аказалася, такое выпрабаванне зрабілі: вывелі ў лес, пералічылі і дазволілі разысціся. Чакалі, пабяжыць хто ці не. Калі б хоць адзін уцёк, то пакаралі б усіх, вёскі не было б.
Мікалай Пятровіч расказвае гэтую і ёй падобныя гісторыі з усмешкай на вуснах, нібы пераказвае прыгодніцкі фільм. Ды, думаецца, што этапы яго жыцця сапраўды маглі б легчы ў аснову кінасцэнарыя. Як разам з іншымі хлопчыкамі-пастушкамі з падбітага танка снарады выцягваў, а фашысты ўбачылі ды стралялі паверх галоў… Як ужо пасля вайны падлеткі са стрэльбай бавіліся і зноў Бог мілаваў: яму выстралам толькі шчаку абпаліла… Як пасля заканчэння сямігодкі паехаў з сябрамі вучыцца ў школу ФЗН у Брэст, а аказалася, што ўмовы для навучэнцаў не лепшыя за калонію…
– Паўгода неяк перацярпелі, атрымалі будаўнічыя спецыяльнасці – і паехалі ў Асіповічы будаваць ГЭС. А ўжо адтуль мяне на тэрміновую службу забралі на флот, у горад Ламаносаў. Там быў на кацеры матросам. Але падчас вучэнняў у наш кацер урэзаўся другі, прабіў борт. Мне моцна пашкодзіла левую нагу. У Кранштаце ў шпіталі хацелі нават яе ампутаваць, сказалі, што пайшло заражэнне, але я не даваўся. Выклікалі галоўнага хірурга, палкоўніка з Масквы, той зрабіў складаную аперацыю. Доўга потым лячылі мяне і нарэшце адправілі на радзіму. А тут амаль адразу накіравалі на курсы вадзіцеляў: у калгасе быў патрэбны шафёр. Было гэта ў 1954 годзе…
Так Мікалай Салапура пачаў наступны этап свайго жыцця. Варта сказаць, што да гэтага часу калгас імя Маякоўскага, утвораны ў 1949 годзе кацёлкаўскімі жыхарамі, ужо аб‘яднаўся з «Ленінскім шляхам» у Шанях. Больш за дзясятак гадоў малады чалавек «круціў баранку», праца падабалася. Стварыў сям‘ю: запала ў душу сціплая прыгажуня Ліда з вёскі Алішавічы. Ажаніліся. Нарадзіліся дачка і сын…
І вось аднойчы старшыня калгаса Мікалай Пятровіч Яроміч прапанаваў адказнаму і працавітаму калгасніку-камуністу новую пасаду – брыгадзіра паляводчай брыгады.
– Спачатку я, зразумела, аднекваўся, не ведаў жа нічога ў паляводстве, – кажа Мікалай Пятровіч. – Але паступова прывык, набыў практычныя веды, а ў 1979 годзе завочна скончыў агранамічнае аддзяленне Пружанскага саўгастэхнікума. Гэта зараз людзі не патрэбны на палетках: тэхніка працуе. – А тады ў нас 120 касцоў на поле выходзіла, 150 жанчын бульбу капалі. Брыгадзіру толькі запісаць усіх – ужо цэлая кніжка. Неяк з райкама партыі правяраючы на сенакос прыехаў, кажа: «Пятровіч, калі гэтая чарада скончыцца?»
Пасля заканчэння тэхнікума Салапуру прапанавалі пасаду старшыні калгаса ў Стараволі. Але на гэты раз ён сказаў цвёрдае «не». Не хацелася з‘язджаць з родных Кацёлкаў, ды і жонцы падобная ідэя не спадабалася. А справы ў Кацёлкаўскай брыгадзе ладзіліся.
– Расцілі збожжавыя: ячмень, жыта. Але лепш за ўсё раслі ў нас бульба, буракі кармавыя і цукровыя. Ураджайнасць кармавых была 800 ц/га, – узгадвае ветэран працы. – Шмат клопату было з цукровымі: цяпер высяваюць аднапарасткавае насенне, а тады прарываць іх трэба было, праполваць. І ўсё ўручную.
За высокія паказчыкі і атрымаў Мікалай Салапура ордэны Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сярод ардэнаносцаў калгаса «Ленінскі шлях» у яго самая высокая ўзнагарода.
Хутка бягуць гады. Пасля выхаду на пенсію некалькі гадоў Мікалай Пятровіч працаваў загадчыкам фермаў, потым канчаткова заняўся хатняй гаспадаркай. А калі ў 2016-м пайшла з жыцця жонка Лідзія Барысаўна, з якой у горы і радасці разам пражылі 57 гадоў, пераехаў у Пружаны да дачкі, хаця за родныя Кацёлкі і зараз душой хварэе.
– У Кацёлках некалі было 216 хат, а зараз колькі пустых! Добра яшчэ, што пад дачы купляюць. Падумаць толькі, я з бацькам-нябожчыкам некалі ездзіў у Шарашова, купляў дылі па сем рублёў за метр, будаваў. Не хочацца і думаць, што хата будзе нікому не патрэбна!
Дачка нашага героя Святлана Мікалаеўна кажа, што да гэтага часу бацька актыўны, наколькі дазваляе ўзрост, імкнецца дапамагаць у хатніх справах.
– Гной нядаўна раскідвалі на агародзе, я сама стамілася, угаворваю яго адпачыць, маўляў, табе 90 гадоў ужо, а ён адказвае: «Мне здаецца, што яшчэ 70».
Сапраўды, на свае 90 ардэнаносец не выглядае. Пра такіх кажуць: душой малады.
У сераду з нагоды важкага юбілею ганаровага члена калектыву наведалі старшыня прафкама ААТ «Шані-аграпрадукт» Алена Талакнянік, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Крысціна Асіпчук, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч. Зычылі здароўя і бадзёрасці, аптымізму і доўгіх гадоў жыцця. Далучаемся да віншаванняў і мы. З юбілеем, Мікалай Пятровіч!
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік