Воскресенье, 8 декабря 2024

Есть ли взаимовыручка на пружанских дорогах? Мы провели эксперимент и знаем ответ

1 220

У вадзіцельскім асяродку ёсць нямала сваіх традыцый і нават прымхаў. Таксама вопытныя кіроўцы прытрымліваюцца няпісаных законаў, сярод якіх ёсць і такі: калі бачыш, што камусьці з вадзіцеляў патрэбна на дарозе дапамога, спыніся, і калі гэта ў тваіх сілах — падтрымай. Бо на дарозе, як і ў жыцці, сёння дапаможаш ты, а заўтра — табе!


Але многія вадзіцелі са стажам адзначаюць, што цяпер узаемавыручка на дарозе, хутчэй міф, а не рэальнасць. Таму разам з супрацоўнікамі ДАІ мы вырашылі правесці эксперымент, каб вызначыць, ці існуе паміж пружанскімі аўтааматарамі своеасаблівае прафесійнае братэрства.
На дарозе Пружаны-Аранчыцы быў падрыхтаваны аўтамабіль-«пастка» з уключанымі аварыйнымі ліхтарамі і выстаўленым знакам аварыйнага прыпынку. Побач з ім знаходзілася дзяўчына, якая «галасавала» з просьбай дапамагчы. Прызнаемся, што эксперымент нельга назваць абсалютна чыстым, бо з-за тэхнічных складанасцей «пастку» давялося ставіць у населеным пункце, дзе ўсе аўтамабілі рухаюцца няхутка. Таксама разумеем, што вынікі былі б іншыя, калі сітуацыя была б створана ноччу або аб дапамозе прасіў мужчына. Аднак і ў гэтым выпадку мы атрымалі даволі цікавыя водгукі ад кіроўцаў.


Дапамогу ў правядзенні эксперымента нам аказала навучэнка аграрна-тэхнічнага каледжа Ганна Бугаян. Яна артыстычна спраўлялася з роляю «бландзінкі за рулём», якая не ведае, колькі і «коней» хаваецца пад капотам яе машыны. І настолькі яскравай была яе гульня, што некаторыя вадзіцелі спыняліся самі, без просьбаў з боку «пацярпелай». Хаця былі і такія, хто настолькі спяшаўся, што пралятаў міма.


Усім, хто спыніўся, мы задавалі адно і тое ж пытанне: «Чаму Вы гэта зрабілі?».


А вось адказвалі на яго пружанскія кіроўцы па-рознаму.
Сяргей:
— Аднойчы я сам трапіў у такую сітуацыю, калі пасярод дарогі сапсавалася машына, а на двары было 30 градусаў марозу. Працяглы час ніхто не спыняўся на мае просьбы аб дапамозе. І толькі адзін вадзіцель, імя якога я тады не падумаў спытаць, прычапіў мой аўтамабіль і дапамог адбуксіраваць у горад. Вось той доўг я зараз і аддаю паціху, не прапускаючы ніводнай просьбы аб дапамозе на дарозе.

Андрэй:
— Лічу сябе даволі ўмелым аўтамеханікам, таму адразу спыніўся, каб дапамагчы дзяўчыне вырашыць праблему.

Максім:
— Убачыў дзяўчыну, якая, ледзь не плачучы, заглядала пад капот аўто, і адразу націснуў на тормаз. Хаця пры складанай паломцы я б не дапамог, але змог бы ўзяць на буксір, каб адвезці на СТА. Але сам не веру ў падобную ўзаемавыручку і ніколі ў падобных выпадках не галасую, а адразу тэлефаную знаёмым.

Віктар:
— Я сам не аднойчы за больш чым 20-гадовы вадзіцельскі стаж трапляў у падобныя сітуацыі і ўпэўнена заяўляю, што так званага «вадзіцельскага братэрства» няма. Проста ёсць нераўнадушныя людзі, якія дапамогуць. А іншым скажу проста: ніхто не застрахаваны ад непрыемнасцяў на дарозе, і яны таксама могуць сутыкнуцца з праблемамі, якія давядзецца вырашаць самастойна.

Таксама спынілася і адна жанчына, якую мы адразу запыталі, чым яна змагла б дапамагчы. На што Святлана ўпэўнена адказала:
— Мы, жанчыны, у любой сітуацыі знойдзем выйсце і разам што-небудзь абавязкова прыдумаем…
Да гонару пружанскіх вадзіцеляў трэба прызнаць, што вынікі эксперымента ўсё-такі атрымаліся станоўчыя, не спынілася каля аўтамабіля-«пасткі» толькі некалькі машын. Значыць, раўнадушных вадзіцеляў на нашых дарогах не так і многа.

Віталь Патапчук, старшы дзяржаўта-інспектар:
— Зімой на дарогах нашага рэгіёна могуць узнікаць самыя розныя сітуацыі з улікам няўстойлівага надвор’я. Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да ўсіх вадзіцеляў з просьбай не заставацца абыякавымі, выручаць адзін аднаго. А таксама паведамляць у дарожную інспекцыю пра неабходнасць аказання дапамогі.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).